У нашым універсітэце адбылася незабыўная падзея — шпацыр у межах рэспубліканскай выставы «Перад сабой і светам будзь праўдзівы», арганізаванай у рамках культурна-асветніцкай акцыі «Грані творчасці 2024».
Гэтая выстава прысвечана 110-годдзю з дня нараджэння знакамітага беларускага паэта Аркадзя Куляшова. Яго радкі «Перад сабой і светам будзь праўдзівы» сталі галоўнай ідэяй-дэвізам акцыі, натхняючы маладых мастакоў на творчыя разважанні.
Борбат Т. I., кандыдат філалагічных навук, дацэнт: «Сапраўды, сярод творцаў, імёны якіх вялікімі літарамі ўпісаны ў гісторыю нацыянальнага пісьменства, — народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў. Яго творы — вершы, паэмы, пераклады — вытрымалі выпрабаванне часам і на мастацкасць, не страцілі актуальнасці для новых пакаленняў чытачоў, пра якіх паэт думаў, імкнуўся наладзіць кантакт, працягваючы „гарачую руку з дваццатага ў трыццатае стагоддзе“. У наш час паэзія А. Куляшова існуе „паміж наступным і былым“. Былое, узбуйняючыся з кожным новым этапам чалавечага існавання, вымяраецца асабіста перажытым. Асабіста перажытыя пачуцці ляжаць у аснове кожнай творчай работы, прадстаўленай на сённяшняй выставе».
Экспазіцыя прадстаўляе творы юных мастакоў, якія разважаюць на актуальныя тэмы: любоў да радзімы, паэзія і час, жахі і страты вайны, космас і вечныя сэнсы. Кожная работа — гэта своеасаблівы дыялог з гледачом, які заклікае нас задумацца над важнымі пытаннямі сучаснасці.
Запрашаем усіх жадаючых наведаць выставу і адчуць магію мастацтва, якое злучае мінулае і сучаснасць! Няхай творчасць будзе нашым шляхам да разумення сябе і свету вакол! Шпацыр у межах рэспубліканскай выставы «Перад сабой і светам будзь праўдзівы».