21 лютага ва ўсім свеце адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы. Наш універсітэт штогод далучаецца да свята праз арганізацыю разнастайных адукацыйна-выхаваўчых мерапрыемстваў. У гэтым годзе сумесныя мерапрыемствы з нагоды свята зладзілі выкладчыкі і студэнты факультэтаў замежных моў і пачатковай і музычнай адукацыі. Ініцыятарамі сталі дацэнт кафедры тэарэтычнай і прыкладной лінгвістыкі факультэта замежных моў А. В. Доўгаль і дацэнт кафедры пачатковай адукацыі і лінгвадыдактыкі Д. А. Доўгаль.
Ужо стала добрай традыцыяй праводзіць у гэты дзень віктарыну “Рускай мове дай разгрузку — размаўляй па-беларуску” з пытаннямі па мове, літаратуры і культуры. Сёлета ў ёй прынялі ўдзел 20 каманд, адна з якіх складалася з выкладчыкаў двух факультэтаў. Па выніках двух тураў былі выяўлены лепшыя знаўцы беларускай мовы. Працягам святочных мерапрыемстваў стаў квэст на факультэце замежных моў, у якім 8 каманд рашалі складаныя галаваломкі. А на факультэце пачатковай і музычнай адукацыі студэнты і выкладчыкі правялі пасяджэнне кінаклуба “Пятая пара” з праглядам і абмеркаваннем дакументальнага фільма “Глыбоцкая змова”.