Са зместам вучэбнай дысцыпліны «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці» навуковую грамадскасць універсітэта на мінулым тыдні пазнаёміў адзін з яе стваральнікаў, доктар гістарычных навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Аляксандравіч Марзалюк. Па словах навукоўца, мэта дысцыпліны заключаецца ў фарміраванні грамадзянска-патрыятычных кампетэнцый студэнтаў, у выхаванні новых пакаленняў патрыётаў нашай краіны. «Мы імкнёмся да таго, каб стварыць у свядомасці маладых людзей трывалае ўяўленне пра гістарычны шлях і мэты далейшага развіцця беларускай дзяржавы», — адзначыў Ігар Марзалюк. Усяго на вывучэнне гэтай дысцыпліны адведзеныя 108 гадзін, з іх — 54 аўдыторных (36 лекцыйных і 18 семінарскіх).
Асобна дакладчык спыніўся на структуры вучэбнай дысцыпліны. Кампазіцыйна выдзеленыя тры раздзелы. Першы прысвечаны асноўным этапам развіцця беларускай дзяржаўнасці, другі — дзяржаўнаму ладу нашай краіны, трэці — Беларусі на стыку культур і цывілізацый. Каментуючы змест першага раздзелу, Ігар Аляксандравіч адзначыў: «Гісторыя нашай дзяржаўнасці пачынаецца з ранніх феадальных утварэнняў — са старажытнай Русі, з Полацкага і Турава-Пінскага княстваў. Пры гэтым вялікае значэнне для нашых земляў мелі факты хрышчэння Русі, феадальнай раздробленасці. Безумоўна, нельга выпускаць з-пад увагі і Вялікае Княства Літоўскае як буйную феадальную поліэтнічную дзяржаву тагачаснай Еўропы». Па словах прафесара, ВКЛ быў другім важным цэнтрам аб’яднання Русі ў эпоху пасля «Батыева пагрому». Далей змест дысцыпліны знаёміць студэнтаў са становішчам беларускіх земляў у складзе Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. Ігар Аляксандравіч не змяняе сваю пазіцыю адносна татальнай паланізацыі палітычнай эліты Княства. На яго думку, паланізацыя ў перыяд 17 – першай паловы 18 ст. была найважнейшым фактарам культурнага і грамадскага жыцця нашага народа.
Знайшлося месца ў структуры вучэбнай дысцыпліны гісторыі падзелаў Рэчы Паспалітай, падзеям паўстанням 1830–1831 гг. і 1863–1864 гг., эканамічнаму і культурнаму развіццю Беларусі ў складзе Расійскай імперыі. Даволі падрабязна дакладчык спыніўся на такіх ментальных феноменах нашай культуры, як краёвасць і заходнерусізм. Іх навуковец назваў «прамежкавымі этапамі фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў». Асобныя блокі прысвечаныя «нашаніўскаму» перыяду, падзеям Першай сусветнай вайны, рэвалюцыі 1917 г., уз’яднанню Усходняй і Заходняй Беларусі, Вялікай Айчыннай вайне, пасляваеннай адбудове гаспадаркі, распаду Савецкай дзяржавы і ўтварэнню незалежнай Беларусі. «Калектыў аўтараў, які працаваў над зместам вучэбнай дысцыпліны, імкнуўся да стварэння навукова абгрунтаванай карціны гістарычнага мінулага, намагаўся пазбягаць залішняй палітызаванасці, суб’ектывізму. Перадусім мы зыходзілі з таго, што гісторыя — гэта дакладная навука, якая мусіць абапірацца на факты», — заключыў Ігар Марзалюк.