Свята беларускай пісьменнасці прайшло ўчора ў МДУ імя А. А. Куляшова. Студэнты і выкладчыкі гісторыка-філалагічнага факультэта прэзентавалі асноўныя этапы стварэння нацыянальнай кніжнай культуры нашага народа. “Беларускае друкаванае слова мае даўнюю і багатую традыцыю, — адзначае кандыдат філалагічных навук, дацэнт Вольга Шаршнёва. — Вельмі важна, каб сучасная моладзь ведала гэтую традыцыю, шанавала яе”. Студэнты спачатку распавялі пра дзейнасць беларускага першадрукара Францыска Скарыны, акцэнтавалі ўвагу на тым, што менавіта знакаміты палачанін даў пачатак кнігадрукаванню на тэрыторыі ўсходніх славян.
Вялікую ўвагу арганізатары мерапрыемства адвялі дзейнасці Пятра Мсціслаўца і Івана Фёдарава. Канешне, не засталіся па-за ўвагай браты Мамонічы, Спірыдон Собаль, Сымон Будны і іншыя выдатныя дзеячы нашай гісторыі. Побач з інфармацыйнай часткай арганізатары свята прапанавалі прысутным паслухаць прыгожыя беларускія спевы і паглядзець на дынамічныя народныя танцы. “Усцешвае тое, што студэнты падрыхтавалі свята самастойна, абапіраючыся на тыя веды, якія яны атрымалі падчас заняткаў ва ўніверсітэце. Тое, што гэтыя веды трывалыя, лішні раз прадэманстравала сённяшнее мерапрыемства”, — падкрэсліла старшы выкладчык кафедры агульнага і славянскага мовазнаўства Таццяна Казімірская. “Беларуская мова — гэта сёння модна. Моладзь з задавальненнем звяртаецца да класікаў беларускай літаратуры, вывучае гісторыю. Гэтае свята і падобныя да яго — выдатная магчымасць рэалізаваць сябе на пляцоўцы беларускай культуры. Мяркую, што ў гэтым навучальным годзе такіх магчымасцей будзе шмат”, — падзяліўся ўражаннямі студэнт гісторыка-філалагічнага факультэта Віталь Палавінскі.