Назва выдання гаваркая: «Маленькаму народу пра месячыкі года». Яго аўтар — загадчык кафедры музычнага выхавання і харэаграфіі факультэта пачатковага і музычнага выхавання П. П. Забелаў — прапанаваў беларускім дзеткам нізку вершаў на роднай мове, прысвечаных месяцам года. Як адзначае рэцэнзент кнігі, намесніца дэкана факультэта замежных моў, дацэнт Алеся Валер’еўна Доўгаль, асноўная мэта гэтага выдання — развіццё маўлення дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. «Сёння ва ўстановах дашкольнай і школьнай адукацыі значная ўвага надаецца навучанню роднай мове, што асабліва актуальна ва ўмовах білінгвальнага жыцця грамадства. Таму прапанаваны зборнік будзе карысным метадычным дапаможнікам выхавацелям і настаўнікам». Кожны верш у зборніку — гэта чатырохрадкоўе, у якім зразумела і яскрава апісваецца пэўны месяц года. Безумоўна, рыфмаваная форма падачы матэрыялу будзе спрыяць найхутчэйшаму засваенню назваў месяцаў — ад студзеня да снежня, — адзначае Алеся Валер’еўна. Пётр Пятровіч па-майстэрску, сапраўды ў паэтычнай форме прапанаваў дашкольнікам займальнае падарожжа ў свет нацыянальнай беларускай культуры. Важна адзначыць таксама і тое, што кніга аздобленая неверагодна прыгожымі малюнкамі. Іх аўтары — удзельнікі арт-студыі «Гекльберы» пад кіраўніцтвам І.Я. Крывіцкай. «Юныя мастакі ва ўзросце ад 8 да 14 год сталі сапраўднымі сааўтарамі зборніка вершаў П.П. Забелава, па-майстэрску аздобілі аўтарскую лірыку. Іх творчаць стварае атмасферу сапраўднай дзіцячай шчырасці, адкрытасці, прастаты і радаснага ўспрыняцця жыцця», — пазначана ў рэцэнзіі да выдання.
Забелаў, П. П. Маленькаму народу пра месячыкі года : вучэбна-метадычныя матэрыялы / П. П. Забелаў, І. М. Батура. — Магілёў : МГУ імя А. А. Куляшова, 2017. — 36 с. : іл.