13 снежня 2023 года ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя К. Маркса адбылася творчая сустрэча студэнтаў гісторыка-філалагічнага факультэта і членаў літаратурнага аб’яднання “Натхненне” з маладым азербайджанскім паэтам Магамедам Гаджыевым. Творца прэзентаваў свой паэтычны зборнік “Лісты Магамеда”, выдадзены Мінскім выдавецтвам “Чатыры чвэрці”. Магамед з'яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Азербайджана, лаўрэатам прэзідэнцкай прэміі. Паэт жыве і працуе ў Беларусі.
Творчая сустрэча пачалася з асабістага выступа маладога пісьменніка, які распавёў пра ўласную творчую дзейнасць, свой шлях у літаратуру, гісторыю стварэння кнігі вершаў “Лісты Магамеда”. Як адзначыў малады літаратар, у зборнік увайшлі пераклады яго вершаў на беларускую мову пісьменнікамі Таццянай Сівец, Юліяй Алейчанка, Міколам Шабовічам, здолеўшымі па-мастацку пранікнёна перадаць галоўныя матывы творчасці паэта: захапленне каханай — у інтымнай лірыцы і любоў да чадавека і ўсяго свету — у філасофскіх вершах.
Магамед дэкламаваў свае творы на роднай мове, а таксама іх беларускамоўныя пераклады, што асабліва ўразіла прысутных. Вершы ілюструюць пэўны вопыт, пэўны досвед аўтара, але штораз карціны перажытага спалучаны з філасофіяй, асэнсаваннем чалавечага выбару. Усё гэта надае творам маладога паэта эстэтычную вагу.
У далейшым паэт плануе займацца перакладамі твораў Якуба Коласа і Максіма Багдановіча на азербайджанскую мову, што дазволіць развіваць беларуска-азербайджанскае літаратурнае супрацоўніцтва.
Падчас сустрэчы прагучалі патрыятычныя вершы беларускіх пісьменнікаў у выкананні студэнтаў 4 курса гісторыка-філалагічнага факультэта: Вайцюк Д., Кавалёвай А., Лычовай Л., Упскай А., Карабаньковай Н., Мелішака Г. На творчай вечарыне таксама прагучала песня “Гэта Беларусь, наша Беларусь!” у выкананні студэнткі 4 курса, члена літаратурнага аб'яднання “Натхненне” Міхаськовай П. С. і студэнткі 4 курса Вайцюк Д. В.
На прыканцы сустрэчы Магамед з удзячнасцю падараваў усім прысутным свае паэтычныя зборнікі.
Завяршылася сустрэча словамі падзякі Борбат Таццяны Іванаўны, намесніка дэкана па выхаваўчай рабоце, кіраўніка літаратурнага аб'яднання “Натхненне” М. Гаджыеву за цікавую і інфармацыйную сустрэчу.
Суслянкоў Андрэй, студэнт
гісторыка-філалагічнага факультэта, группа 2102201