Калектыў супрацоўнікаў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова панёс цяжкую страту: 18 чэрвеня спынілася сэрца былога супрацоўніка, дэкана філалагічнага факультэта Яраслава Іванавіча Клімуця.
Яраслаў Іванавіч Клімуць нарадзіўся 10 студзеня 1940 года ў в. Вострава Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Востраўскай пачатковай школе, затым — Гудзевіцкай сярэдняй школе Мастоўскага раёна. Пасля заканчэння ў 1958 годзе сярэдняй школы давялося папрацаваць у калгасе, сельскай краме. У 1959–1962 гадах служыў у Савецкай Арміі. 3 1962 да 1967 года ён — студэнт філалагічнага факультэта БДУ. Пасля заканчэння ўніверсітэта, у 1967/1968 гадах настаўнічаў у Дубаўской васьмігадовай школе Ваўкавыскага раёна, каля года супрацоўнічаў у рэдакцыі ўздзенскай раённай газеты «Чырвоная зорка». У 1969–1975 гадах выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Ліцвянскай сярэдняй школе імя П. Ф. Глебкі Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. Адначасова вучыўся завочна ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР (1972–1976), якую паспяхова закончыў і абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Якуб Колас і руская савецкая паэзія» (навуковы кіраўнік — доктар фiлалагiчных навук Ю. С. Пшыркоў)
З 1975 года Яраслаў Іванавіч працаваў старшым выкладчыкам (1975–1980), дацэнтам (1980–1985, 2001–2006) кафедры беларускай літаратуры Магілёўскага педагагічнага інстытута, дацэнтам кафедры англійскага, агульнага і славянскага мовазнаўства (2006–2016).
На працягу 14 гадоў, з 1986 па 2000 гады, Яраслаў Іванівіч Клімуць быў дэканам філалагічнага факультэта.
Навуковец, літаратуразнаўца, літаратурны крытык, аўтар манаграфій і падручнікаў, адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя», падрыхтаванай да выдання Інстытутам літаратуры імя Я. Купалы НАН Беларусі, Яраслаў Іванавіч Клімуць шмат зрабіў для даследавання, асэнсавання і захавання беларускай літаратурнай спадчыны, выступіў ініцыятарам і актыўным удзельнікам стварэння ўніверсітэцкага літаратурнага кабінета-музея «Літаратурная Магілёўшчына».
Плённая навуковая, педагагічная, грамадская дзейнасць Я. І. Клімуця адзначана Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (1982, 1998), Саюза беларускіх пісьменнікаў (1999), Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа (2004), граматамі рэктарата ўніверсітэта.
Ён быў сціплым і інтэлігентным чалавекам, надзейным таварышам, мудрым кіраўніком. Яго шанавала кіраўніцтва, паважалі калегі і кахалі студэнты. Памяць пра Яраслава Іванавіча назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах.
Калектыў універсітэта шчыра спачувае родным і блізкім памерлага і падзяляе з імі смутак і горыч гэтай незаменнай страты.
Развітанне з Яраславам Іванавічам Клімуцём адбудзецца 20 чэрвеня з 11.00 да 13.00 па адрасе г. Магілёў, вул. Чалюскінцаў, 62.
Ад’езд аўтобуса для развітання — 20 чэрвеня ў 11.30 ад вучэбнага корпуса № 1.