У свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія — мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе.
Сёння ва ўсім свеце святкуецца Міжнародны дзень роднай мовы. І наш універсітэт не стаў выключэннем. 21 лютага у чытальнай зале ўніверсітэта адбыўся літаратурны час «Дала мне маці гэту мову», арганізатарам якой выступіў БРСМ МДУ імя А. А. Куляшова.
Магілёўскія пісьменнікі, выкладчыкі і студэнты сабраліся разам, каб адсвяткаваць гэтае свята. Перад студэнтамі выступілі члены саюза пісьменнікаў Беларусі Жанна Усцінава і Валянціна Габрусева. Яны пагрузілі студэнтаў у атмасферу творчасці і правялі за сабой па літаратурнай сцежцы роднай мовы.
«Мая мова — гэта ўсё маё жыццё. Гэта маі бацькі, маі сябры. Хто мы без роднай мовы? — дзеліцца сваімі думкамі Валянціна Фёдараўна».
Актыўны ўдзел у мерапрыемстве прынялі члены літаратурнага аб'яднання «Натхненне», якія перадалі сваю любоў да літаратуры роднай краіны і падзяліліся любімымі творамі. Анастасія Мухіна зачытала радкі з верша Уладзіміра Караткевіча «На Беларусі Бог жыве», а Маргарыта Садоўская выступіла з вершам «Мой горад», які напісала сама.
У канцы мерапрыемства Жанна Усцінава прэзентавала сваю кнігу «Мае Медуніды» і ўручыла падарунак студэнтам нашага ўніверсітэта.