У праграме форума больш за 100 дакладаў навукоўцаў з Беларусі і Украіны. Спектр даследаванняў дастаткова шырокі — літаратуразнаўства, мовазнаўства, гісторыя, гісторыяграфія, методыка выкладання гуманітарных дысцыплін, журналістыка. Па зразумелых прычынах традыцыйныя для нашага ўніверсітэта Чытанні гэтым разам адбываюцца ў фармаце on-line. З дапамогай Zoom падчас пленарнага пасяджэння да магілёўцаў далучыліся прадстаўнікі БДУ і Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
Адкрыла мерапраемства прарэктар па навуковай рабоце Наталля Макоўская. Яна выказала ўдзячнасць арганізатарам канферэнцыі і пажадала яе ўдзельнікам плённай супрацы. «Я ведаю пра тое, што Чытанні з’яўляюцца своеасаблівай візітоўкай нашага ўніверсітэта, — адзначыла Наталля Макоўская. — Зразумела, канферэнцыя, якая носіць імя Народнага паэта Беларусі Аркадзя Аляксандравіча Куляшова, не можа быць для нас — куляшоўцаў — шэраговай. Упэўненая, цягам двух дзён будуць гучаць цікавыя даклады, адбудуцца змястоўныя дыскусіі, з’явяцца новыя напрамкі для даследаванняў». Адзначым тое, што ў якасці мадэратара пасяджэння выступіла загадчык кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый Таццяна Іванаўна Борбат.
На пачатку пленарнага пасяджэнні віншаванні атрымаў прафесар, доктар філалагічных навук Мікалай Васільевіч Абабурка. Гэта адзін з карыфеяў сучаснага беларускага мовазнаўства, аўтар каля 50 кніг, педагог, які даў дарогу многім выкладчыкам, даследчыкам мастацкага слова. У гэтым навучальным годзе спадар прафесар стаў лаўрэатам прэміі МДУ імя А. А. Куляшова «За высокія дасягненні ў навукова-адукацыйнай сферы». Услед за гэтай прыемнай цырымоніяй Мікола Васільевіч распавёў пра асабістае стаўленне да асобы Аркадзя Куляшова. Падкрэсліў значнасць яго творчасці для развіцця беларускай літаратуры.
Надзвычай цікавым падаўся даклад прафесара, доктара гістарычных навук Якава Рыгоравіча Рыера. Навуковец даследуе шляхі эвалюцыі розных цывілізацый, аналізуе фактары, якія паўплывалі на іх станаўленне, указвае на адрозненні паміж глабальнымі Захадам і Усходам. Пры гэтым высновы прафесара здольныя патлумачыць падзеі, што адбываюцца ў сучасным свеце.
Наталля Віктараўна Заяц, дацэнт, кандыдат філалагічных навук (БДПУ імя М. Танка), распавяла пра двух паэтаў, якіх аб’ядноўваюць неверагодны талент і трагічны лёс. Гэта Змітрок Астапенка і Юлі Таўбін. Наталля Заяц зрабіла акцэнт на ўспрыняцці іх творчасці Аркадзем Куляшовым. Са змястоўным дакладам выступіў доктар філалагічных навук Алесь Мікалаевіч Макарэвіч. Даклад быў прысвечаны асаблівасцям мастацкага свету паэмы Аркадзя Куляшова «Хамуціўс». Навуковец давёў тое, што аўтар паэмы пісаў не столькі гісторыю польска-беларускага паўстання 1863–1864 гг., колькі імкнуўся да яго мастацкага асэнсавання. Па гэтай прычыне ўспрымаць паэму як твор дакументальны не варта.
Азнаёміцца з дакладамі на секцыйных пасяджэннях магчыма ў найбліжэйшы час на афіцыйным сайце МДУ імя А. А. Куляшова. Аргкамітэт Чытанняў выказвае ўдзячнасць усім тым, хто адгукнуўся на запрашэнне прыняць удзел у навуковым форуме.