Новая фотавыстава адкрылася сёння ў чытальнай зале ўніверсітэта (вул. Касманаўтаў, 1). Гэтым разам увазе аматараў прыгожага прапанаваныя пейзажныя фотаздымкі, якія па-рознаму, але даволі змястоўна і вобразна адлюстроўваюць архітэктурныя адметнасці і маляўнічыя краявіды дзвюх краін — Беларусі і Грузіі. І гэта не выпадковасць, бо аўтарам экспазіцыі з’яўляецца творца, душа якога жыве і на прасторах старажытнай Сакартвэллы, і ў пушчанскіх нетрах «краіны пад белымі крыламі». Імя аўтара экспазіцыі — Арсеній Джанашыа. Студэнтам ён знаёмы як намеснік дэкана гісторыка-філалагічнага факультэта, а таксама як малады і таленавіты выкладчык псіхалогіі. Тое, што ён яшчэ і фотамастак, шмат для каго было прыемнай неспадзяванкай. На гэта якраз і звярнулі ўвагу прысутныя на цырымоніі адкрыцця выставы прарэктар па выхаваўчай працы Уладзімір Ясеў і дэкан факультэта педагогікі і псіхалогіі дзяцінства Ірына Камарова.
Усяго фотаздымкаў — 27. Магчыма, залішняя «бухгалтэрыя» тут і не да месца, але, на наш погляд, гаваркім з’яўляецца наступны факт — фотаздымкаў з выявамі Грузіі і Беларусі прыблізна роўная колькасць. Гэта значыць, сэрцу мастака аднолькава дарагія абедзве краіны. Што яшчэ кідаецца ў вочы? Наваколле Грузіі ў адлюстраванні Арсенія Джанашыа яркае, стракатае фарбамі, здольнае захапіць вяршынямі гор і змяіным зігзагам імклівых рэчак. Шмат увагі аўтар надае архітэктурным помнікам — каплічкі, царквушкі, старыя вузкія вулачкі гарадоў і мястэчак. Адчуваецца тое, што гісторыя, культура Грузіі для фотамастака зусім не чужыя. Ён літаральна зачароўвае атмасфернасцю, каларытам, багаццем і разнастайнасцю сваёй далёкай Бацькаўшчыны.
Фотаздымкі, прысвечаныя Беларусі, — іншыя. У аб’ектыве — хаткі, якія прытуліліся адна да адной на ўскраіне вёскі, самотныя свіраны і пачарнелыя ад часу лазні, стромкія хвоі, якія, нібы на імшы, прастаюць свае «рукі» ў шэры паўзмрок беларускага неба. Пейзажы не тое, што аднастайныя, яны, хутчэй, «тыпавыя» для беларускай глыбінкі — разлогі, палі, якія абрываюцца ля ўскрайку зубчастага бору, і чырвонае распечанае сонца на даляглядзе. Аднак і ў гэтай аднастайнасці ёсць нейкі шчымлівы лірызм, пэўнае прадчуванне вясны, цеплыні, шчасця…
Працаваць фотавыстава будзе цягам кастрычніка. Шчыра запрашаем, Абяцаем, не пашкадуеце! Вул. Касманаўтаў, 1, другі паверх.
Фотаздымкі: Аляксандр Анціпенка