Экскурсію ў Парк-музей інтэрактыўнай гісторыі «Сула» 5 кастрычніка здзейснілі супрацоўнікі і выкладчыкі ўніверсітэта. Знаходзіцца гэты ўнікальны для Беларусі музейны комплекс паблізу Мінска — усяго 49 кіламетраў ад сталіцы, на самым ускрайку Налібоцкай пушчы. Размешчаны ён на маляўнічым беразе возера ў старажытным парку, якім колісь валодаў шляхецкі род Ленскіх. Убачыць там магчыма шмат цікавага: і адноўлены шляхецкі засценак, і фамільную капліцу са склепам, і «масонскі» домік, і розныя гаспадарчыя будынкі (бровар, лядоўню, клець, стайню).
У межы парка, нібыта з ваколіц маёнтка, перанесенае беларускае мястэчка з сялянскай хатай, аптэкай, карчмой, яўрэйскай лаўкай, шапавальняй, млыном на рацэ, майстэрнямі ганчара і каваля. Паглыбленне ў гісторыю пачалося ўжо ля паркавых брамаў. Ключнік на кані разам з музыкамі сустракалі нас па старому звычаю XVII стагоддзя — ветліва і са шматлікімі цырымоніямі. Услед за нашым экскурсаводам мы пайшлі па сцяжынцы ўздоўж возера і апынуліся на інтэрактыўных пляцоўках, дзе можна было ўбачыць старажытную абсерваторыю, капішча і пантэон славянскіх багоў. Аматары старажытных культаў мелі магчымасць папрасіць дапамогі ў вялізнага камяня, назва якога «Старац».
Асаблівую цікавасць выклікала стаянка варагаў, на якой дарослыя і дзеці спаборнічалі ў кіданні сякеры (некалі гэта было неабходнай часткай суворага выхавання скандынаваў), каталіся на легендарным дракары (скандынаўскі карабель — рэд.). Потым вясёлы, гаваркі каваль выбраў з нашай групы ці то памочніка, ці то «вучня». Удваіх яны ўзяліся за справу — і хутка нешта зрабілі. Праўда, што гэта была за прылада ці рэч, мы так і не даведаліся — трэба ісці далей. Усцешыла вінакурня — аказваецца, там аднавілі стары рэцэпт літвінскага моцнага напою пад назваю «Старка».
Гісторыя Беларусі пазнейшых часоў прадстаўленая на адукацыйных экспазіцыях «Беларусь — краіна замкаў», «Каралеўская асамблея», «Калегіум». Апошняя выклікала прафесійную цікавасць удзельнікаў нашай групы, бо адлюстравала гісторыю беларускай адукацыі і ўклад у яе развіццё школ-калегіумаў XIV–XVIII ст. Гаспадыня беларускай хаты (Музея ткацтва), якая з маленства вучылася ў бабулі апрацоўваць лён, распавяла і паказала тое, як рабілі рушнікі нашы прабабулі. У драўлянай дзяжы яна таксама ўчыняла хлеб, выпякала яго і частавала гасцей-экскурсантаў.
Шаноўныя калегі! Падарожнічайце самі, але лепш — з намі, бо ва ўніверсітэце, у значнай ступені дзякуючы намаганням былога старшыні прафкама супрацоўнікаў Наталлі Уладзіміраўны Саковіч, існуе традыцыя адукацыйных падарожжаў. У нас ёсць вопытны і надзейны арганізатар экскурсійных паездак — Аляксандр Рыгоравіч Роскач, а таксама прафесійныя вандроўнікі-навукоўцы — І. М. Шаруха і І. А. Марзалюк, ад якіх падчас паездкі можна пачуць шмат цікавых звестак.
Л. І. Шапавалава, І. І. Талкачова