Велапрабег па месцах абарончых баёў, якія адбываліся летам 1941 года пад Магілёвам, 11 мая прайшоў з удзелам студэнтаў МДУ імя А. А. Куляшова. Арганізаваў мерапрыемства прафесар кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Аляксандр Рыгоравіч Агееў. «Наколькі я ведаю, падобныя велапрабегі ў нашым універсітэце ладзіліся ўпершыню, — тлумачыць суразмоўца. — Цягам дня мы праехалі 25 кіламетраў. Стартавалі ад галоўнага корпуса (Касманаўтаў, 1). Потым патрапілі на Буйнічскае поле, дзе я правёў невялічкую экскурсію, затым — Казіміраўка, Пячэрск, помнік батальёну міліцыі капітана Уладзімірава». Варта тут згадаць надзвычай дрэннае надвор’е — амаль усю першую палову суботняга дня ішоў дробны, але надзвычай халодны дождж. Ехаць на веласіпедзе па калюжынах, пераадольваць золкі вецер — сапраўднае выпрабаванне! Цікава, што ў велапрабегу, канешне, акрамя самога Агеева, удзельнічалі адны дзяўчаты. «Хлопцы напэўна спужаліся дрэннага надвор’я», — жартуе Аляксандр Рыгоравіч. Мэта велаэкскурсіі, як патлумачыў спадар прафесар, мае выхаваўчы, патрыятычны характар. «Маладыя людзі не толькі пачулі пра падзеі далёкага ад нас 1941 года, але і на ўласныя вочы ўбачылі месцы баёў, аддалі даніну павагі тым, хто загінуў у барацьбе з нацысцкай навалай», — падагульніў Аляксандр Агееў.