100-гадовы юбілей БССР сёння зрабіўся нагодай для абмеркавання гісторыкаў у МДУ імя А. А. Куляшова. У якасці мадэратара навукова-метадычнага семінара выступіў былы дэкан магілёўскага гістфака, вядомы навуковец, прафесар Пётр Фролавіч Дзмітрачкоў. Першае пытанне, якое ён задаў прысутным калегам, датычылася стварэння БССР. «Чаму з’яўленне гэтай дзяржавы зрабілася магчымым? Гэта збег абставін ці заканамернасць?». Прысутны на мерапрыемстве прафесар, доктар гістарычных навук Ігар Аляксандравіч Марзалюк выказаў упэўненасць у тым, што БССР — гэта вынік нацыянальна-вызваленчых рухаў папярэдніх эпох. «БССР — гэта важкі крок нашага народа да незалежнасці. Дзякуючы менавіта БССР, беларуская нацыя сёння існуе як сацыяльная і культурная рэальнасць», — выказаў меркаванне навуковец.
Вялікую ўвагу Ігар Аляксандравіч надаў нашаніўскаму перыяду развіцця беларускай інтэлектуальнай эліты, а таксама падзеям, якія адбываліся пасля польска-беларускага паўстання 1863–1864, Першай сусветнай вайны, Кастрычніцкай рэвалюцыі і міжваеннага перыяду. Першы прарэктар універсітэта Дзмітрый Сяргеевіч Лаўрыновіч асвяціў не менш важнае пытанне рэакцыі дарэвалюцыйных палітычных плыняў на ідэю ўзнікнення і існавання беларускай дзяржавы. У працы семінара прыняў удзел дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Віктаравіч Даніловіч. На яго думку, любая дзяржава — гэта заўжды рэалізаваны ўнутраны патэнцыял народа. «БССР якраз і зрабілася адной з форм такой рэалізацыі», — адзначыў ён. Семінар працягнуўся навуковай дыскусіяй на тэму ролі Расійскай імперыі і Польшчы ў стварэнні першай беларускай дзяржавы. Дырэктар Інстытута гісторыі Вячаслаў Даніловіч падараваў універсітэту першы том выдання пад назвай «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці».