У бібліятэцы МДУ імя А. А. Куляшова адкрылася ўнікальная фотавыстава пад назваю «І глядзіць Магілёў вачамі чорна-белых фотаздымкаў». Усяго ў экспазіцыі — 23 работы, якія адлюстроўваюць краявіды Магілёва часоў сусветнай вайны. Экспазіцыя надзвычай удала перадае атмасферу акупаванага горада, распавядае аб маштабах разбурэнняў. Невядомы аўтар зафіксаваў рэшты будынкаў, разбітыя вуліцы, цэрквы. Ёсць таксама здымкі перыяду Першай сусветнай вайны. Сабраў і прэзентаваў фотаздымкі наш зямляк — Алег Лісоўскі. У мінулым ён — магілёвец. Сёння жыве ў Нямеччыне і, апроч усяго іншага, займаецца папулярызацыяй гісторыі нашага старажытнага горада. Размова з Алегам адбывалася дзякуючы Скайпу. Заўважым тое, што Алег вядомы магілёўцам сваімі выдатнымі калекцыямі старых фотаздымкаў, якія ён набывае на аўкцыёнах, знаходзіць у еўрапейскіх архівах і бібліятэках, а потым размяшчае ў сетцы Інтэрнэт. Убачыць збор фотаздымкаў Алега Лісоўскага магчыма на рэсурсе «Архіў гісторыі Магілёва». Сёння ж падчас оnline-прэзентацыі з калекцыянерам прыйшлі пазнаёміцца выкладчыкі і студэнты гісторыка-філалагічнага факультэта. Выстава працягне працу да 15 лютага ў чытальнай залі ўніверсітэцкай бібліятэкі.