Больш за 20 студэнтаў і магістрантаў МДУ імя А. А. Куляшова ў мінулую пятніцу наведалі Міжнародную выставу “Беларусь і Біблія”. Гэты ўнікальны, маючы сусветнае значэнне праект, ладзіўся ў Нацыянальнай бібліятэцы нашай краіны ў перыяд з 20 верасня па 21 кастрычніка. Усяго за гэты месяц выставу наведалі больш за 30 тысяч чалавек. Заўважым таксама тое, што “Беларусь і Біблія” — гэта сумесны навуковы праект Нацыянальнай бібліятэкі і Групы даследчыкаў рукапісаў (ЗША). Што ж убачылі прадстаўнікі нашага ўніверсітэта?
Па-першае, упершыню на тэрыторыі Беларусі з’явіліся кніжныя рарытэты, якім больш за 3 тысячы гадоў, гэта піктаграфічныя, клінапісныя таблічкі Месапатаміі (3–2 тысячагоддзе да н. э.), папірусныя рэшты “Іліяды” Гамера (1 ст. н. э.), байкі Эзопа і г. д. Усё ж галоўны здабытак гэтай выставы — розныя варыянты, манускрыпты, пергамены, на якіх адлюстраваныя тэксты Старога Запавету і Новага Запавету, вялікая калекцыя разнастайных Тор, кнігі перыяду Рэфармацыі, першыя дрэварыты і медзярыты з ілюстрацыямі да кніг Бібліі, першыя пераклады кніг Бібліі на нацыянальныя мовы.
Апроч таго, на мерапрыемстве дзейнічалі інтэрактыўныя пляцоўкі. Для прыкладу, магчыма было самастойна адціснуць старонку з кнігі Францыска Скарыны на арыгінальным станку. Дзейнічалі фотазоны, працавалі навуковыя секцыі, былі арганізаваныя круглыя сталы з удзелам лепшых спецыялістаў у галіне старадрукаў і рукапісаў старажытнасці.