16 кастрычніка 2018 г. на 96-м годзе пайшла з жыцця кандыдат філалагічных навук дацэнт Сафія Якаўлеўна Кечык. Яна нарадзілася 7 лістапада 1922 г. у г. Крычаве Магілёўскай вобласці. Зусім яшчэ юнай была Сафія Якаўлеўна, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, але юныя гады не перашкодзілі ўнесці свой уклад у справу Перамогі. У 1946 г. Сафія Якаўлеўна Кечык была ўзнагароджана медалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.»
Пасля вайны Сафія Якаўлеўна ажыццявіла сваю мару — у 1946 годзе скончыла літаратурны факультэт МДПІ імя І.Д. Папаніна па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура і руская мова і літаратура» і прысвяціла сваё жыццё выкладанню беларускай мовы ў МДПІ, а потым МДУ імя А. А. Куляшова: асісэнтам (1946–1950), старшым выкладчыкам (1950–1984), дацэнтам (1985–2002). У 1976 г. у Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР абараніла кандыдацкую дысертацыю «Дзеепрыслоўе ў сучаснай беларускай літаратурнай мове».
56 гадоў аддала Софія Якаўлеўна Кечык любімай справе на кафедры беларускай мовы. Яна выкладала дысцыпліны «Сучасная беларуская мова», «Беларуская дыялекталогія», «Гістарычная граматыка беларускай мовы», «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы». Добрасумленная праца Сафіі Якаўлеўны адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі: Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1978), Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (1993), ганаровымі званнямі «Выдатнік народнай асветы БССР» (1977) і «Выдатнік асветы СССР» (1985).
Каллегі і студэнты паважалі і любілі Сафію Якаўлеўну за высокі прафесіяналізм, адказнасць і добрасумленнасць, сардэчнасць і добразычлівасць. Кафедра агульнага і славянскага мовазнаўства смуткуе аб сыходзе з жыцця Сафіі Якаўлеўны Кечык і выказвае спачуванні яе родным і блізкім.
Адпяванне адбудзецца 17 кастрычніка ў 12:00 па адрасе: пр-т Мира, д. 13. кв. 50
Пахаванне пачнецца ў 13:00.