Студэнтка групы НЗС-32, настаўнік УА “Чарнэльскі дзіцячы сад-базавая школа” Іўеўскага раёна Аксана Чакавая стала прызёрам VII Міжнароднага інтэрнэт-конкурсу “Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі ў творчасці настаўніка пачатковых класаў”. Аксана Леанідаўна адзначана спецыяльнай узнагародай выдавецтва “Новое знание” ў намінацыі “Распрацоўкі дыдактычных гульняў і ЭСН”.
Другое месца студэнтцы МДУ імя А.А. Куляшова прынесла серыя створаных ёй інтэрактыўных трэнажораў па матэматыцы, рускай і беларускай мовах (матэрыялы знаходзяцца ў адкрытым доступе на сайце арганізатара конкурсу). “У сваёй настаўніцкай дзейнасці я выкарыстоўваю электронныя сродкі навучання, распрацаваныя калегамі і асабіста мною, – адзначае А. Чакавая. – Практычна на любым уроку (на этапе вывучэння ці замацавання, паўтарэння, у ходзе індывідуальнай ці групавой работы) можна выкарыстоўваць ЭСН. Важна толькі знайсці тую мяжу, якая дазволіць зрабіць урок па-сапраўднаму пазнавальным і сучасным. Урокі з выкарыстаннем ЭСН не толькі пашыраюць і замацоўваюць атрыманыя веды, але і ў значнай ступені развіваюць творчы і інтэлектуальны патэнцыял вучняў”.
Гэты поспех у распрацоўцы сучасных сродкаў навучання не першы для Аксаны Чакавай: у 2017 годзе яна стала прызёрам раённага конкурсу “Лепшы блог школьнага бібліятэкара”.
Калектыў факультэта пачатковай і музычнай адукацыі віншуе Аксану Леанідаўну і жадае ёй новых дасягненняў у настаўніцкай працы!
Дзмітрый Доўгаль,
дацэнт кафедры пачатковай адукацыі і лінгвадыдактыкі