Актыўны ўдзел у святкаванні Дня горада Магілёва прымуць студэнты і выкладчыкі МДУ імя А. А. Куляшова. Нагадаем, у 2018 г. абласны цэнтр адзначыць сваё 751-годдзе. Нягледзячы на паважаны ўзрост, Магілёў зноў возьме на сябе функцыі Маладзёжнай сталіцы Беларусі. Аднак, падкрэслім, святочная праграма разлічаная на людзей усіх густаў і ўзростаў. Так, 30 чэрвеня гарадскімі ўладамі запланаваны патрыятычны квест, таксама будуць ускладзеныя кветкі да помнікаў і абеліскаў салдатам, якія прымалі ўдзел у абароне і вызваленні горада.
У той самы дзень адбудуцца канцэрт і традыцыйнае ўручэнне прэміі гарвыканкама «Дасягненне». Дарэчы, у канцэрце возьмуць удзел Пётр Ялфімаў, Ірына Дарафеева, Наталля Падольская і Уладзімір Прэснякоў. Напярэдадні запланаванае тэатралізаванае шэсце, адна з задач якога — прадставіць сучаснае жыццё горада над Дняпром. У шэсці якраз і прымуць удзел нашы студэнты. Іх будзе крыху больш за 30. Аднак найбольшае прадстаўніцтва ўніверсітэта магчыма будзе заўважыць на вуліцы Ленінскай. Гэту пешаходную зону апануе моладзь, якая зладзіць свята пад назваю «Магілёў — гэта мы!».
МДУ імя А. А. Куляшова прэзентуе ўласныя дасягненні ў галіне археалогіі. Студэнцкая прэс-служба ужо традыцыйна распавядзе пра розныя бакі жыцця ўніверсітэта. Будуць прэзентаваныя студэнцкі YouTube-канал «MSU NEWS» і іншыя медыйныя праекты. Грамадзяне Туркменістана з ліку студэнтаў, якія вучацца ва ўніверсітэце, паспрабуюць здзівіць магілёўскую публіку энергічнымі танцамі і рытмічнымі паўднёвымі спевамі. Але і гэта яшчэ не ўсё… Уласнае вакальнае майстэрства гараджанам і гасцям горада прадэманструюць Народны ансамбль «Квецень», Вераніка Пынціна, Сяргей Птушкін, Лада Мішына, Валерыя Вастрылава і іншыя. Адным словам, МДУ імя А. А. Куляшова не застанецца ўбаку ад прыгожага і доўгачаканага свята.