У Міжнародны дзень музеяў студэнты — 4 курса факультэта педагогікі і псіхалогіі дзяцінства, якія вывучаюць дысцыпліну па выбары «Музейная педагогіка», наведалі Беларускі дзяржаўны музей архітэктуры і побыту «Строчыцы», паведаміла старшы выкладчык кафедры педагогікі дзяцінства і сям’і Алена Анатольеўна Мурашка.
«Мы ўбачылі творы народнага драўлянага дойлідцтва (храмы, дамы, гаспадарчыя пабудовы, млыны), якія арганічна ўвайшлі ў найпрыгажэйшы беларускі ландшафт, — тлумачыць Алена Анатольеўна. — У музеі прадстаўлены тры экспазіцыйныя сектары, якія адлюстроўваюць асаблівасці паселішчаў у Цэнтральнай Беларусі, Падняпроўі і Паазер’і. Шматлікія прылады працы, транспартныя сродкі, прадметы побыту, вопратка расказалі пра жыцце нашых продкаў і асаблівасці беларускай культуры.
Наведаўшы Спаса-Праабражэнскую царкву ў вёсцы Барань, прадстаўнікі ўніверсітэта пазнаёміліся з экспанатамі выставы «Народныя абразы Беларусі». На выставе прадстаўлены помнікі сакральнай спадчыны беларусаў, створаныя ў ХІХ – пач. ХХ стст. Асабліваю цікавасць у будучых выхавацеляў выклікалі прадметы, звязаныя з дзяцінствам: калыскі, хадункі, стойкі для дзяцей, цацкі, а таксама традыцыі выхавання дзяцей у беларускай сям’і.
Адказваць на пытанні экскурсавода дапамагалі веды, атрыманныя ў працэсе вывучэння «Этнапедагогікі». Студэнты з удзячнасцю згадвалі лекцыі старшага выкладчыка Н. Ю. Ясевай. Экскурсавод расказала нам пра тое, як адбываюцца музейныя заняткі для дзяцей, якія цікавыя формы работы з дзіцячай аўдыторыяй выкарыстоўваюць супрацоўнікі музея (напрыклад, музейна-педагагічны занятак «Квэст „Зачараваная веска“»).
«Мы ўбачылі, у якіх умовах жыў і працаваў вясковы настаўнік, паслухалі музыкаў на вясковай вуліцы і пакаштавалі традыцыйныя беларускія стравы ў карчме. З дзіцячым захапленнем каталіся дзяўчынкі на арэлях і шукалі ў гронках бэзу пяціпялесткавыя кветачкі „на шчасце“. Унікальныя помнікі архітэктуры, водар скошанай травы, прыгожыя пейзажы пакінулі яркія ўражанні і перакананне, шта абавязкова трэба падарожнічаць на нашай краіне», — заключыла Алена Мурашка.