Міжнародны круглы стол, прысвечаны 100-годдзю дзяржаўнага будаўніцтва на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і Латвійскай Рэспублікі, 18 мая прайшоў у МДУ імя А. А. Куляшова. Папярэдняя дамоўленасць адносна арганізацыі круглага стала была дасягнута ў сакавіку падчас наведвання нашага ўніверсітэта Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь спадаром Марціньшам Вірсісам. На мерапрыемстве прысутнічалі студэнты і выкладчыкі гісторыка-філалагічнага факультэта, прадстаўнікі адміністрацыі ВНУ, удзельнікі Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Капыцінскія чытанні – 2». Таксама разам са спадаром Вірсісам Магілёў наведалі паважаныя аўтары грунтоўнага даследавання «Гісторыя Латвіі» прафесары Латвійскага ўніверсітэта Ілгварс Бутуліс і Антоній Зунда. Навукоўцы ў даступнай эсэістычнай форме зрабілі экскурс у гісторыю сваёй краіны ад старажытнасці да сённяшніх дзён.
Адкрыў круглы стол рэктар МДУ імя А. А. Куляшова, прафесар Дзяніс Уладзіміравіч Дук. Ён выказаў падзяку замежным гасцям за візіт і выказаў надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва паміж Магілёўскім і Латвійскім універсітэтамі. «Я ведаю, што беларускі і латвійскі народы маюць шмат супольнага ў гісторыі і культуры, — адзначыў Дзяніс Дук. — Не аднаразова нам даводзілася жыць у адной дзяржаве. Нашы продкі знаходзілі агульную мову, вядома ж, знойдзем яе і мы!». Далей слова ўзяў прафесар Ілгварс Бутуліс. Ён дастаткова падрабязна спыніўся на няпростай гісторыі здабыцця Латвіяй уласнай незалежнасці. «Як гэта не дзіўна, але пасля ўсіх складаных момантаў, агалашэнне незалежнасці Латвіі адбывалася ў атмасферы сардэчнасці і ўзаемнай павагі», — дадаў навуковец. Марціньш Вірсіс — таксама прафесійны гісторык — патлумачыў феномен так званых латышскіх стралкоў. Некаторыя з іх потым уліліся ў органы НКУС і зрабілі сабе бліскучую кар’еру.
Простага адказу на тое, чаму менавіта латышы гэтак цесна супрацоўнічалі з бальшавікамі, як вынікла з адказу спадара Вірсіса, быць не можа. Надзвычай змястоўным быў даклад першага прарэктара ўніверсітэта, прафесара Дзмітрыя Лаўрыновіча. Ён прааналізаваў гістарыяграфічныя крыніцы, паведаміўшы пра тыя працэсы, якія адбываліся на тэрыторыі нашай краіны напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі і Першай сусветнай вайны. Неаднаразова падчас працы круглага стала ўзнікалі цікавыя навуковыя дыскусіі, у якіх з задавальненнем прымалі ўдзел і студэнты ўніверсітэта.