Літаратурна-мастацкая імпрэза, прысвечаная творчасці лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі па літаратуры, беларускай эсэісткі, пісьменніцы Святланы Аляксеевіч адбылася 14 мая ў малой актавай зале МДУ імя А. А. Куляшова. Пра лёс нашай знакамітай зямлячкі распавялі студэнты гісторыка-філалагічнага факультэта. Арганізатар гэтага мерапрыемства, прафесар кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый Алесь Макарэвіч адзначае: «Мяркую, што творчасць Святланы Аляксеевіч сёння надзвычай актуальная. Гэта пісьменніца, якая балансуе на мяжы літаратуры і дакументалістыкі. Яна здольна заўважыць тыя дэталі, эмоцыі, якія пакідаюць па-за ўвагай гісторыкі. Са старонак яе кніг гучаць жывыя галасы сведкаў падзей другой паловы ХХ стагоддзя. Напэўна, гэтымі галасамі і зацікаўлівае пісьменніца свайго чытача». На жаль, як паказала апытанне, большасць студэнтаў універсітэта, хоць і ведаюць імя Святланы Аляксеевіч, але твораў яе не чытаюць.
Магчыма, справа ў недахопе часу… Таму адна з задач, якую паставілі перад сабой арганізатары імпрэзы, — зацікавіць студэнтаў, падштурхнуць іх да творчасці гэтага выдатнага майстра слова. Пра тое, што задача падчас мерапрыемства была выканана, сведчыць студэнтка факультэта педагогікі і псіхалогіі дзяцінства Вікторыя Саннікава. «З творчасцю Святланы Аляксеевіч я ўжо знаёмілася на лекцыях па літаратуры. Моцнага ўражання, прызнаюся, яны на мяне не зрабілі, — даводзіць Вікторыя. — Убачанае і пачутае сёння мяне моцна ўсхвалявала. Захацелася пазнаёміцца з кнігамі Аляксеевіч бліжэй. Я ўжо замовіла 6 яе твораў. З нецярплівасцю чакаю таго моманту, калі яны патрапяць мне ў рукі».
Фота: Наталля Юранкова