13 верасня 2024 года адбылася сустрэча студэнтаў 1 курса гісторыка-філалагічнага факультэта са старшынёй Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, вядомым паэтам Алесем Мікалаевічам Казекай і паэтам, пісьменнікам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, уладальнікам Нацыянальнай літаратурнай прэміі 2024 года Віктарам Іванавічам Кунцэвічам. Сустрэча была прысвечана Дню народнага Адзінства.
Мерапрыемства пачалося з уступнага слова прарэктара па вучэбнай рабоце Ясева Уладзіміра Віктаравіча, які зрабіў невялікі экскурс у гісторыю стварэння свята, і таксама прадставіў студэнтам гасцей сустрэчы.
«Вы наша надзея і тая частка студэнцтва, на якую, я вельмі, вельмі веру, мы зможам абапірацца ў далейшым», — такімі словамі пачаў размову са студэнтамі Алесь Мікалаевіч Казека. Ен пазнаёміў студэнтаў са структурай Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, а таксама яго членамі — таленавітымі паэтамі і пісьменнікамі.
«Што ж такое адзінства?» — першае пытанне, якое ўзняў Алесь Мікалаевіч у размове са студэнтамі. Сам пісьменнік Адзінства разумее як уменне чалавека разабрацца ў сабе, зразумець, што ён хоча ў жыцці, з якой мэтай ён прыйшоў у гэтае жыццё.
Алесь Мікалаевіч у размове таксама падняў пытанне, што такое Радзіма, з чаго яна пачынаецца. Паэт прачытаў свае вершы пра Беларусь, у якіх ён усхваляе яе прыгажосць і непаўторнасць, называе «святой Беларуссю».
Віктар Іванавіч Кунцэвіч расказаў пра сябе, пра свой шлях у літаратуру і журналістыку, пра тое, што стала штуршком для напісання вершаў.
Віктар Іванавіч прачытаў адзін са сваіх вершаў, у якім расказаў пра сваю малую радзіму.
Таксама паэт расказаў пра свае ўражанні ад цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія», якая адбылася 1 верасня 2024 года падчас святкавання Дня беларускага пісьменства. Віктар Іванавіч стаў пераможцам ў намінацыі «Лепшы твор прозы» за кнігу «Калі чужая душа — твая».
Садоўская М. А., 4 курс ГФФ, БМіЛ