Студэнты сабраліся ў чытальнай зале, дзе адбылася літаратурная сустрэча «Дала мне маці гэту мову», прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы. На сустрэчы прагучалі літаратурныя творы вядомых беларускіх паэтаў: прысутныя зачыталі вершы Уладзіміра Ясева, Максіма Танка, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Надзеі Верас і Яўгеніі Янішчыц.
Міжнародны дзень роднай мовы быў абвешчаны Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года і адзначаецца кожны год з 21 лютага 2000 года для садзейнічання моўнай і культурнай разнастайнасці. Арганізатарам сустрэчы выступіў БРСМ нашага ўніверсітэта.
«Можна казаць пра мову многа ўзнёслых словаў, можна прыводзіць шмат прымавак, прыказак… Але я б проста хацеў звярнуць вашу ўвагу на тое, што любая мова — гэта нацыянальная спадчына, наш скарб. Калі мы гаворым пра беларускую мову, то гэта скарб беларусаў. А калі мы гаворым пра мову ў цэлым, то любая мова — гэта частка сусветнай культуры, — таму і беларуская мова, і любая іншая, — гэта таксама сама частка гэтай культуры. І нават калі знікалі нацыі, народы, калі штосьці застаецца ад мовы, то гэта значыць, што народ яшчэ не знік», — адзначыў прарэктар па вучэбнай працы, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Віктаравіч Ясеў. Ён таксама зачытаў свае вершы.