ЯЧМЯНЁВА ІРЫНА МІКАЛАЕЎНА
Дысертацыя на атрыманне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук
«Элементы вусна-гутарковага маўлення ў творах М.Зарэцкага»
10.02.01 – беларуская мова абаронена 27 снежня 2002 г. на пасяджэнні Савета па абароне дысертацый К. 02.12.03 в УА «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны».
Работа выканана ў УА «МДУ імя А.А.Куляшова».
Навуковы кіраўнік – доктар філалагічных навук прафесар Абабурка М.В. (УА «МДУ імя А.А.Куляшова»).
Афіцыйныя апаненты – доктар філалагічных навук прафесар Коваль У.І. (УО «ГДУ імя Ф. Скарыны»), кандыдат філалагічных навук дацэнт Жураўская Л.В. (УО «МазДПУ імя Н.К.Крупскай»).
Апаніруючая арганизацыя – УА «Віцебскі дзяржаўны універсітэт імя П.М.Машэрава».
Дысертацыя прысвечана даследаванню элементаў вусна-гутарковага маўлення ў творах вядомага беларускага празаіка 30-х гг. ХХ ст. М.Зарэцкага, больш шырока – узаемадзеянню сучаснага беларускага гутарковага маўлення і мовы літаратурна-мастацкага тэксту. Мэта працы – выявіць элементы вусна-гутарковага маўлення ў творах М.Зарэцкага, раскрыць іх семантычную і структурную спецыфіку, устанавіць стылістычную функцыю ў кантэксце.
Асноўныя палажэнні дысертацыі, якія выносяцца на абарону:
- М.Зарэцкі па праву лічыцца адным з заснавальнікаў не толькі мовы сучаснай беларускай мастацкай літаратуры, але і сучаснай беларускай літаратурнай мовы.
- Выбар і ужыванне М.Зарэцкім вобразна-выяўленчых сродкаў беларускай гутарковай мовы абумоўленыя як творчымі задачамі аўтара, тэматыкай і ідэйнай нікіраванасцю яго твораў, так і канкрэтнымі абставінамі і умовамі, у якіх знаходзяцца героі раманаў, аповесцей, апавяданняў, п’ес пісьменніка.
- Пры стварэнні як вобразаў-тыпаў, так і мікравобразаў, пры раскрыцці характару герояў (персанажаў), перадачы іх думак, жаданняў, імкненняў сістэма моўна-выяўленчых сродкаў ў апавядальна-празаічным і дыялагічна-драматургічным маўленні М.Зарэцкага абумоўлівае іх высокую экспрэсіўнасць і эмацыянальнасць, якія ў сваю чаргу выклікаюць актыўнасць экспрэсіўна-эмацыянальнага ўспрыняцця рэцыпіентам найперш гутарковых лексіка-фразеялагічных і марфолага-сінтаксічных асаблівасцей беларускай нацыянальнай мовы.
- Канструкцыі з элементамі беларускай гутарковай мовы ў мастацкіх тэкстах М.Зарэцкага звычайна атрымліваюць творчую апрацоўку, таму яны, як правіла, у кожным творы пісьменніка маюць больш шырокую функцыянальную накіраванасць, чым у вусна-гутарковым маўленні.
- Выкарыстанне элементаў беларускага вусна-гутарковага маўлення ў мове літаратурна-мастацкіх тэкстаў дазволіла М.Зарэцкаму дасягнуць пэўнага стылістычнага эфекту, надаць таму ці іншаму твору нацыянальна-культурную і нацыянальна-эстэтычную вартасць, поўнасцю вырашыць пастаўленыя творчыя задачы.
- Асаблівасцю індывідуальна-аўтарскага стылю М.Зарэцкага з’яўляецца выключнае багацце вусна-гутарковых сродкаў, разнастайнасць прыёмаў іх выкарыстання і стылістычная абумоўленасць гэтых прыёмаў. Матэрыялы дысертацыі можна выкарыстаць у працэссе выкладання лексікі, фразеалогіі, сінтаксісу сучаснай беларускай мовы, беларускай стылістыкі, лінгвістычнага аналізу тэксту, дыялекталогіі, пры падрыхтоўцы спецкурсаў і спецсемінараў, курсавых і дыпломных прац у ВНУ краіны, а таксама на ўроках і факультатыўных занятках па беларускай мове і літаратуры ў сярэдняй школе.