БОРБАТ ТАЦЦЯНА ІВАНАЎНА
Дысертацыя на атрыманне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук
«Беларуская літаратура ў Чэхаславакіі»
10.01.01 – беларуская літаратура, абаронена 21 мая 2004г. на пасяджэнні Савета па абароне дысертацый Д. 02.01.12 у Беларускім дзяржаўным універсітэце.
Работа выканана у УА «Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка».
Навуковы кіраўнік – кандыдат філалагічных навук дацэнт М.Ф.Шаўлоўская, УА «Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя максіма Танка», кафедра беларускай літаратуры. Афіцыйныя апаненты – доктар філалагічных навук, прафесар І.Ф.Штэйнер, УА «Гомельскі дзяржаўны універсітэі імя Ф.Скарыны», кафедра беларускай літаратуры, кандыдат філалагічных навук дацэнт А.Л.Верабей, Беларускі дзяржаўны універсітэт, кафедра беларускай літаратуры ХХ стагоддзя.
Апаніруючая арганизацыя – УА «Віцебскі дзяржаўны універсітэт імя П.М.Машэрава».
Аб’ект даследавання: творчасць С.Грахоўскага, яе праблематыка, стыль і жанравая своеасаблівасць.
Прадмет даследавання: творчая эвалюцыя С.Грахоўскага ў літаратурна-грамадскім кантэксце 30-90-х гадоў ХХ стагоддзя.
Мэта даследавання: ахарэктарызаваць этапы станаўлення творчай індывідуальнасці С.Грахоўскага, вызначыць пры гэтым дамінантныя рысы яго паэзіі і прозы, выявіць жанравыя асаблівасці і раскрыць адметнасці стылю, асэнсаваць творчасць пісьменніка ў кантэксце беларускай літаратуры ХХ стагоддзя.
Асноўныя палажэнні дысертацыі, якія выносяцца на абарону:
- Формы лірычнага выяўлення С.Грахоўскім рэчаіснасці 20-30-х гадоў абумоўлены складанасцю развіцця тагачаснага грамадства, адметнасцямі літаратурнага працэсу: назіраецца крыху наіўнае ўспрыняцце лірычным героем свету, спалучэнне радасных, жыццесцвярджальных матываў з “голай” рыторыкай, а таксама дакументальнасцю, якую аўтар спрабуе ўзняць на вышыню мастацкага абагульнення. Ранняя лірыка С.Грахоўскага напоўнена духам “Маладнякізму” са спробамі індывідуальнага асэнсавання рэчаіснасці.
- Паэзія С.Грахоўскага канца 50-х – першай паловы 80-х гадоў прасякнута вострым адчуваннем грамадзянскага, сацыяльнага пафасу гэтага часу. Яе змест залежыць ад успрыняцця свету, часу, жыцця, успрыняцця актыўнага, лірычна ўсхваляванага, што вызначае выбар слоў, рух думкі, рытміку, жанравую спецыфіку твораў; ад публіцыстычных вершаў-рэпартажаў, вершаў-адозваў, замалёвак мастак ідзе да глыбока лірычных вершаў-роздумаў, маналогаў, споведзей.
- У 70-90-я гады тэма памяці ў лірыцы С.Грахоўскага становіцца вядучай, Памяць выступае як магутны сродак рэтраспектыўнага асэнсавання часу і жыцця, ва ўсёй паўнаце праяўляецца памяць аб дзіцячых і юнацкіх гадах, аб першым каханні, аб жахлівых сталінскіх рэпрэсіях, аб Вялікай Айчыннай вайне, відавочна характэрнае паяднанне памяці пісьменніка, памяці грамадзяніна з гістарычнай памяццю Радзімы.
- Асноўныя ідэйна-эстэтычныя арыенціры С.Грахоўскага канца 80-90-х гадоў – гуманізм і дэмакратызм, імкненне адпавядаць патрэбам часу і чалавека, народная, хрысціянская мараль. У перапрацаваных, адноўленых і новых творах яднаюцца асабістае і агульначалавечае, эталагічнае і медытатыўнае, публіцытычнае і элегічнае.
- Традыцыйныя для беларускай літаратуры тэмы Радзімы і прыроды распрацоўваюцца С.Грахоўскім у цеснай повязі з экалагічнымі і эстэтычнымі запатрабаваннямі часу. Магчымасць дасягнення гармоніі ва ўзаемаадносінах сучаснага грамадства з навакольным светам паэт звязвае з вырашэннем дзвюх першачарговых задач: глыбокае пазнанне людзмі прыроды і выхаванне ў сучасніку пачуцця высокай адказнасці за яе лёс. Аб’ёмны і шматмерны пейзаж нараджаецца ў вершах паэта ў выніку ўдалага выкарыстання ім асацыятыўных вобразаў, багатай палітры гукаў і фарбаў, дасягнення рытміка-інтанацыйнай гармоніі, моўнай пластыкі, сюжэтнай і жанравай разнастайнасці.
- С.Грахоўскі адным з першых у беларускай літаратуры звярнуўся да выкрыцця арганізацыйнай і маральнай сутнасці гулагаўскай сістэмы, імкнуўся максімальна наблізіць мастацкае адлюстраванне да рэальных падзей. У аўтабіяграфічнай аповесці “Зона маўчання” пісьменнік вырашае пытанне аб уздзеянні лагера на душу чалавека і прыходзіць да высновы, што ГУЛАГ як адзін з механізмаў палітычнай сістэмы не здолеў канчаткова знішчыць Веру, Спагаду, Дабро, хрысціянскія маральныя якасці, больш трывалыя ў параўнанні з каштоўнасцямі дзяржаўнай, турэмнай і лагернай маралі. Матэрыялы дысертацыі выкарыстоўваюцца ў выкладанні курса гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст.