Клімуць Лада Яраславаўна
Дысертацыя на суісканне вучонай ступені кандыдата гістарычных навук
"ІДЭАЛОГіЯ САРМАТЫЗМУ У ГРАМАДСКІМ І КУЛЬТУРНЫМ ЖЫЦЦІ БЕЛАРУСКІХ ЗЯМЕЛЬ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ Ў XVI-XVIII стст."
07.00.02 - айчынная гісторыя абаронена 6 мая 2009 г. на пасяджэнні савета па абароне дысертацый К 02.21.03 пры установе адукацыі «Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка».
Работа выканана ў установе адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны універсітэт імя А.А. Куляшова».
Навуковы кіраўнік – Бохан Юры Мікалаевіч, доктар гістарычных навук, дацэнт, загадчык кафедры эканамічнай гісторыі установы адукацыі «Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт».
Афіцыйныя апаненты - Люты Анатоль Міхайлавіч, доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры гісторыі Беларусі ўстановы адукацыі «Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка»; Казакоў Юрый Леанідавіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, кафедра гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Апаніруючая арганізацыя - установа адукацыі «Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава».
Палажэнні дысертацыі, якія выносяцца на абарону.
- Станаўленне сармацкай ідэалогіі ў грамадскім, палітычным і культурным жыцці пануючага саслоўя беларускіх зямель адбывалася з ХVІ ст. У развіцці сарматызму вылучаецца два этапы. Першы прыпадае на перыяд Рэнесансу і характарызуецца павышанай цягай да адукаванасці, да агульнаеўрапейскай культуры і да пошуку сваіх гістарычных каранёў, што прывяло да стварэння легенды аб сармацкім паходжанні мясцовай шляхты. Другі перыяд – гэта эпоха барока, калі сарматызм набывае больш развітую і кансерватыўную форму і пачынае быць адным са сродкаў захавання традыцыі ў шляхецкім грамадстве. Па меры сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы і фарміравання фальфаркава-паншчыннай сістэмы рыцарскі ідэал шляхты змяняецца на зямянскі ідэал, прывязаны да саслоўнага землеўладання і абароны правоў уласнасці прывілеяванага саслоўя.Спецыфіка беларускіх зямель праяўлялася ў поліэтнічнасці, поліканфесійнасці, што змяншала рэлігійную накіраванасць сармацкай ідэалогіі ў параўнанні з Польшчай, дзе тэрмін “сармацкі” з’яўляўся сінонімам тэрмінаў “паляк” і “католік”, а таксама ў большай арыенталістычнай скіраванасці.
- Сарматызм зрабіў свой пазітыўны ўнёсак у фарміраванне шляхецкага грамадства, культуры і самой дзяржавы. Ён з’яўляўся аб’яднаўчым фактарам для дзвюх частак Рэчы Паспалітай, спрыяў складванню адзінай шляхецкай палітычнай нацыі і ўздзейнічаў на палітычнае жыццё на беларускіх землях РП. Сарматызм спрыяў захаванню традыцый у шляхецкім грамадстве і такім чынам садзейнічаў складванню спецыфічнага менталітэту будучых пакаленняў.
- У публічнай сферы сарматызм з’яўляўся выразнікам памкненняў шляхты захоўваць вернасць традыцыям і спрыяў развіццю кансерватыўных ідэй, якія вымушалі яе выступаць супраць любых новаўвядзенняў і крытыкаваць спробы правядзення рэформ з пункту погляду сармацкай ідэалогіі. На практыцы гэта прывяло да палітычнага крызісу і падзелаў Рэчы Паспалітай.
- Сарматызм і мецэнацкая і калекцыянерская дзейнасць шляхты Рэчы Паспалітай і беларускіх зямель у яе складзе былі цесна ўзаемазвязаны. Мастацкі патранаж быў сродкам праслаўлення сацыяльнага прэстыжу асобы і значнасці роду і сродкам прапаганды і распаўсюджвання сармацкай ідэалогіі.
- Ідэалогія сарматызму аказвала рашаючае ўздзеянне на мастацкую дзейнасць (літаратуру, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), моду. У аснове ўсіх праяваў культурнай і мастацкай творчасці, звязанай са шляхецкім асяроддзем, ляжала ідэя сацыяльнай рэпрэзентацыі. Ва ўсіх відах творчасці прасочваецца адзіны тып героя-сармата, які з’яўляўся шляхецкім ідэалам. Трактоўка жаночага вобраза мела свае асаблівасці: у сармацкім мастацтве менш увагі надаецца знешняй прыгажосці, а больш – родаваму падабенству. Асаблівая ўвага надавалася пасмяротнай славе прадстаўніка роду, якая акцэнтавала накіраванасць гэтай ідэалогіі ў будучае, да наступных пакаленняў.