ІВАНОЎ ЯЎГЕН ЯЎГЕНАВІЧ
Дысертацыя на суісканне вучонай ступені доктара філалагічных навук «Беларускі фальклорны і літаратурны афарызм як лінгвістычны феномен: семантыка, структура, функцыянаванне» абаронена па спецыяльнасці 10.02.01 — Беларуская мова 7 красавіка 2021 г у Савеце па абароне дысертацый Д 02.01.11 пры ўстанове адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт»
Работа выканана ў установе адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова».
Афіцыйныя апаненты — Лукашанец Аляксандр Аляксандравіч, акадэмік НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар, першы намеснік дырэктара ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі»; Ляшчынская Вольга Аляксееўна, доктар філалагічных навук, прафесар, прафесар кафедры беларускай мовы УА «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны»; Даніловіч Мікалай Аляксандравіч, доктар філалагічных навук, прафесар.
Апаніруючая арганізацыя — УА «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка».
Палажэнні, якія выносяцца на абарону:
- Афарыстычныя адзінкі (афарызмы) ва ўласна лінгвістычным разуменні — гэта аднафразавыя, абагульненыя па змесце, дыскурсіўна самастойныя, пераважна звышслоўныя, ідыяматычныя адзінкі, якім могуць быць уласцівы ўзнаўляльнасць, устойлівасць, выразнасць формы, ужыванне як асобнага тэксту. Афарызмы з’яўляюцца самастойнай групай (тыпам) фразавых адзінак, якія маюць асобныя агульныя ўласцівасці з іншымі звышслоўнымі адзінкамі і фразавымі тэкстамі, але істотна адрозніваюцца ад іх паводле сукупнасці трох аблігаторных прымет (аднафразавасці, абагульненасці зместу, дыскурсіўнай самастойнасці), якія разам складаюць уласна лінгвістычны кампанент паняцця афарыстычнасці.
Афарызмы размяжоўваюцца на дзве вялікія, проціпастаўленыя, але не ізаляваныя адна ад адной групы — фальклорныя і літаратурныя. Адрозненні паміж імі абумоўлены як структурнымі і зместавымі асаблівасцямі малых жанраў фальклору і літаратуры (прыказак і літаратурных выслоўяў), так і стылістычнымі рысамі народна-гутарковай і літаратурнай мовы, неадпаведнасцю моўных сродкаў вуснага і пісьмовага маўлення. Адрозненні мовы фальклору і літаратурнай мовы імкнуцца да нейтралізацыі ў афарызмах. Літаратурныя афарызмы функцыянуюць як фальклорныя (прыказкі літаратурнага паходжання), а фальклорныя ўжываюцца як літаратурныя (аўтарскія перафразаванні прыказак). Многія літаратурныя афарызмы ўтвараюцца ад фальклорных, ствараюцца па іх мадэлях або паводле іх якасных характарыстык. Сучасныя фальклорныя афарызмы набываюць рысы літаратурных (народна-літаратурная афарыстыка).
Упершыню ў беларускім мовазнаўстве вызначаны і абгрунтаваны ўласна моўныя прыметы афарызма, на падставе якіх акрэслены ўласна лінгвістычныя межы якасці афарыстычнасці, вызначана паняцце афарызма як фразавай адзінкі спецыфічнага тыпу, устаноўлены агульныя і спецыфічныя рысы фальклорных і літаратурных афарызмаў.
- Афарызмы могуць свабодна спараджацца ў маўленні (як мастацкія і публіцыстычныя выслоўі, фармулёўкі эмпірычнага ці навуковага зместу і інш.) або ўзнаўляцца ў маўленні ў гатовай форме (як прыказкі, літаратурныя цытаты, шырока вядомыя юрыдычныя і грамадска-палітычныя формулы). У адносінах да ўсіх фразавых тэкстаў і ўстойлівых фраз паняцце афарыстычнасці з’яўляецца класіфікацыйным (у плане іх размежавання на афарызмы і не афарызмы). Узнаўляльныя афарызмы адрозніваюцца ад фразеалагізмаў па семантычных, структурных і функцыянальных прыметах, афарыстычныя і фразеалагічныя адзінкі дыферэнцуюцца на неаднолькавыя класы і тыпы, здольны ўступаць паміж сабой ва ўзаемныя дэрывацыйныя адносіны. Масава ўзнаўляльныя афарыстычныя адзінкі не з’яўляюцца часткай фразеалагічнага фонду мовы, утвараюць асобнае мноства на падставе ўласных якасных характарыстык.
Мноства афарыстычных адзінак дыферэнцуецца на агульныя класы, якія знаходзяцца паміж сабой у адносінах апазіцыі, іерархіі і функцыянальнай дынамікі і ў сукупнасці рэпрэзентуюць афарыстычны матэрыял беларускай мовы: прэцэдэнтныя (→ індывідуальна-маўленчыя vs. агульнамоўныя → крылатыя афарызмы vs. афарызмы-парэміі → ідыёмы vs. не ідыёмы) vs. непрэцэдэнтныя (→ рэкурэнтныя vs. нерэкурэнтныя → рэплікі vs. тэксты → літаратурныя vs. масавай камунікацыі). Фальклорныя і літаратурныя афарызмы ўтвараюць інтэграцыйныя класы. Класы афарызмаў з’яўляюцца незамкнёнымі мноствамі, у дыяхраніі афарызмы могуць страчваць прыметы аднаго класа і набываць уласцівасці іншага класа. Пад уплывам экстралінгвістычных фактараў могуць узнікаць адносіны аманіміі паміж адзінкамі розных класаў, калі адзін і той жа афарызм можа ўзнаўляцца ў маўленні адначасова і як крылаты (цытата з літаратурнага тэксту), і як фальклорны (прыказка) у залежнасці ад наяўнасці / адсутнасці ў носьбітаў мовы фонавых асацыяцый з аўтарскай крыніцай яго паходжання).
Афарызмы як розных класаў, так і аднаго класа аб’ядноўваюцца ў групы (тыпы) паводле структурных, граматычных, семантычных, функцыянальных, стылістычных уласцівасцей. Вылучаюцца агульныя і прыватныя, нацыянальныя і іншамоўныя тыпы афарызмаў. Да агульных тыпаў адносяцца адзінкі любых класаў, а да прыватных тыпаў — пэўнага класа, калі тып з’яўляецца падкласам. Нацыянальныя тыпы літаратурных афарызмаў — зномы (А. Разанаў), вершасказы (Р. Барадулін), іншамоўныя тыпы ў беларускай мове — грэгерыі, мэрфізмы і г. д.
Упершыню вызначаны суадносіны афарызмаў і іншых малых літаратурных і фальклорных форм, моўныя адрозненні афарыстычных і фразеалагічных адзінак, устаноўлены асноўныя класы і тыпы афарыстычных адзінак у беларускай мове, акрэслены іх адносіны і дынамічны характар.
- Афарыстычныя адзінкі ствараюцца, (разава ці рэгулярна) цытуюцца або ўзнаўляюцца ў маўленні. Рэгулярнае ўзнаўленне і цытаванне афарызмаў мае агульнамоўны, дыферэнцавана-моўны, дыферэнцавана-маўленчы, індывідуальнамаўленчы характар. Проціпастаўленне «стварэнне vs. узнаўленне (цытаванне)» афарызмаў у маўленні суадносіцца з апазіцыяй «аказіянальнае vs. узуальнае», на падставе чаго размяжоўваюцца аказіянальныя афарыстычныя адзінкі (што ствараюцца і здольны разава ўзнаўляцца ў маўленні) і ўзуальныя (што рэгулярна цытуюцца або масава ўзнаўляюцца). Агульнамоўныя і дыферэнцавана-моўныя афарызмы выкарыстоўваюцца ў маўленні для адлюстравання тых фрагментаў рэчаіснасці, якія немагчыма прама і непасрэдна абазначыць ніякімі іншымі моўнымі адзінкамі, уступаюць паміж сабой у парадыгматычныя і сінтагматычныя сувязі (з’яўляюцца ізаморфнымі ў гэтым плане лексічным і фразеалагічным адзінкам), дыферэнцуюцца паводле адрозненняў у структуры, у характары суадносін планаў зместу і выяўлення, у асаблівасцях ужывання ў маўленні і інш. Агульнамоўныя і дыферэнцавана-моўныя афарызмы вылучаюцца ў асобны тып адзінак, сукупнасць якіх утварае афарыстычны фонд мовы (накшталт фонду фразеалагічных адзінак).
Адзінкі афарыстычнага фонду мовы разам са словамі і фразеалагізмамі паводле зместу непасрэдна суадносяцца з рэчаіснасцю і ў сувязі з яе ўспрыняццем, структурызацыяй і канцэптуалізацыяй утвараюць у масавай свядомасці нацыянальна-моўную карціну свету: чарка / чарка і скварка / Бо ўжо так звычай вымагае, Хто чарку п’е, той налівае (Я. Колас) і г. д. Часткай моўнай карціны свету з’яўляецца афарыстычная карціна свету — комплекс ведаў аб універсальных заканамернасцях і тыповых сітуацыях рэчаіснасці.
Афарыстычны фонд мовы з’яўляецца неаднароднай сукупнасцю адзінак, якія падзяляюцца на групы у залежнасці ад экстралінгвістычных і ўнутрымоўных фактараў (паходжання, сферы ўжывання, стылістычнай афарбоўкі і інш.). Адзінкі афарыстычнага фонду дыферэнцуюцца паводле прадуктыўнасці функцыянавання на актыўныя (шырока вядомыя і ўжывальныя часцей за іншыя) і пасіўныя (шырока вядомыя, але рэдка ўжывальныя — устарэлыя, стылістычна абмежаваныя і інш.). У афарыстычным фондзе сучаснай беларускай літаратурнай мовы пераважаюць фальклорныя афарызмы (больш за 2100 прыказак і каля 900 крылатых афарызмаў).
Упершыню дыферэнцаваны маўленчы і моўны, аказіянальны і ўзуальны характар функцыянавання афарызмаў, вызначана паняцце афарыстычнага фонду, устаноўлены разнавіднасці яго адзінак, парадыгматычныя і сінтагматычныя сувязі паміж імі, акрэслены яго актыўны і пасіўны склад у беларускай мове.
- Найбольш вядомыя і ўжывальныя ў маўленні адзінкі актыўнай часткі фонду беларускіх фальклорных афарызмаў утвараюць яго «моўны мінімум», які мае полевую структуру (ядро складаюць агульнавядомыя адзінкі). Прыказкавы мінімум беларускай мовы складаюць 392 адзінкі (з іх ядро — 83 прыказкі). Рэпрэзентатыўнасць моўнага мінімуму абмежавана пэўным часам (на кожным этапе ў гісторыі мовы ёсць сваё мноства найбольш вядомых і ўжывальных фальклорных афарызмаў).
Моўныя афарызмы, лексічны склад і граматычная арганізацыя якіх не змяняецца, якія з’яўляюцца вядомымі і ўжывальнымі (эпістэмалагічна актуальнымі для носьбітаў мовы) на працягу стагоддзяў і па сённяшні дзень, складаюць у межах фальклорных афарызмаў «асноўны моўны фонд», які мае полевую структуру (ядро складаюць найбольш старажытныя адзінкі). Асноўны прыказкавы фонд беларускай мовы ўтвараюць 534 адзінкі (з іх ядро — 109 прыказак).
Моўны мінімум і асноўны моўны фонд афарыстычных адзінак проціпастаўлены адзін аднаму паводле дыяхранічнага і сінхранічнага планаў, колькасна і якасна не супадаюць. Найбольш характэрныя асаблівасці семантыкі, структуры, функцыянавання, паходжання, утварэння фальклорных афарызмаў беларускай мовы адлюстраваны ў іх асноўным моўным фондзе і ў пэўнай ступені прадстаўлены ў складзе іх моўнага мінімуму.
Упершыню вызначана ядро прыказкавага мінімуму сучаснай беларускай мовы, акрэслена паняцце і распрацавана методыка вызначэння асноўнага моўнага фонду фальклорных афарызмаў, устаноўлены аб’ём і якасныя характарыстыкі асноўнага прыказкавага фонду беларускай мовы.
- Афарыстычныя адзінкі з’яўляюцца спецыфічным семантычным тыпам выказвання (устойлівай фразы), паколькі не прадугледжваюць актуалізацыі прэдыката, суб’екта і аб’екта ў часе, прасторы і персанальным плане, г. зн. не суадносяцца па-за маўленчым кантэкстам з канкрэтнай сітуацыяй рэчаіснасці. Фальклорныя і літаратурныя афарызмы ўзнаўляюцца ці ствараюцца ў маўленні, у першую чаргу, не для адлюстравання сітуацый, а для азначэння фрагментаў рэчаіснасці спецыфічнага тыпу — універсальных заканамернасцей (вызначаных у межах сапраўднага ці выдуманага свету неабходных і рэгулярных сувязяў паміж цэлымі класамі неадзінкавых аб’ектаў, накшталт, Усім Х класа Х заўсёды ўласцівы ўсе Y класа Y, або Усе Х класа Х заўсёды робяць усе дзеянні Y класа Y, або Усе Х класа Х заўсёды маюць сувязь Y класа Y з усімі Z класа Z і да т. п.). У залежнасці ад пэўных характарыстык універсальных заканамернасцей вылучаюцца адпаведныя семантычныя разнавіднасці афарызмаў (намалагічныя, парадаксальныя, труістычныя і інш.).
Граматычнай формай афарыстычных адзінак з’яўляюцца такія сказы, якія паводле сваёй сінтаксічнай семантыкі пазбаўлены непасрэднай суаднесенасці з рэчаіснасцю, паколькі паведамленне ў іх не лакалізуецца ні ў часавым, ні ў прасторавым, ні ў персанальным плане, параўн. Кніга вучыць нас жыць vs. Кніга ляжыць на стале. Пры іх пабудове граматычныя формы (часу, ліку, асобы і г. д.) выкарыстоўваюцца ў другасных значэннях для адлюстравання не канкрэтных фактаў, а «агульных сцвярджэнняў» па-за сувяззю з пэўным часам, асобай і абставінамі, параўн. Кніга (Кнігі) вучыць/навучыла/навучыць (вучаць/навучілі/навучаць) нас/цябе (людзей/чалавека, дзяцей/дзіця…) жыць/жыццю (думаць/розуму…). Сказы такога кшталту вылучаюцца ў межах сінтаксічнага ўзроўню мовы ў асобны семантычны тып сказа, які пры яго актуалізацыі ў маўленні суадносіцца не з канкрэтнай сітуацыяй, а з уяўленнем аб пэўным класе сітуацый рэчаіснасці. Масава ўзнаўляльныя афарызмы ізаморфны паводле форм існавання моўным адзінкам, маюць дзве формы — абстрактную (як інварыянт, што захоўваецца ў свядомасці носьбітаў мовы) і канкрэтную (як пэўны варыянт, што рэгулярна ўжываецца ў маўленні).
Масава ўзнаўляльныя афарызмы здольны ўступаць са словамі і фразеалагізмамі ў адносіны аманіміі, якая ўзнікае ў выніку афарызацыі фразеалагізмаў, фразеалагізацыі афарызмаў, лексікалізацыі іх пераноснага агульнага значэння: Пасаліўшы, можна есці «Усё добрае, калі не зважаць на недахопы» → пасаліўшы можна есці [што] «ні дрэннае, ні добрае, пасрэднае»; Не бі ляжачага «Не рабі горш таму, хто пацярпеў» → не бі ляжачага [што] «лёгка; няцяжка [пра працу]». Спалучэнні афарыстычных адзінак з іншымі прэдыкатыўнымі адзінкамі ўтвараюць стылістычна адметныя тэксты — афарызаваныя, ступень афарызаванасці якіх дэтэрмінавана колькасцю ўжытых афарызмаў. Спалучэнні толькі афарыстычных адзінак утвараюць спецыфічную разнавіднасць тэкстаў — афарыстычныя. Афарызмы, якія ствараюцца і/або функцыянуюць як асобныя тэксты, з’яўляюцца разнавіднасцю малых тэкстаў (фразавых) і проціпастаўлены іншым (неафарыстычным) фразавым тэкстам.
Упершыню вызначаны семантычныя асаблівасці і разнавіднасці афарызмаў, спецыфіка іх граматычнай формы і спалучальнасці, устаноўлена з’ява аманіміі фразеалагічных і афарыстычных адзінак, вызначаны суадносіны афарызмаў і іншых фразавых тэкстаў у беларускай мове.
- Структура ўзнаўляльных афарыстычных адзінак пры ўжыванні ў маўленні залежыць ад характару іх сувязі з кантэкстам. Пры кантэкстава залежнай сувязі афарызм відазмяняецца або разава — перафразоўваецца: Аге! Легка сказаць, ды — далёка дыбаць (І. Мележ) ← Блізка відаць, ды далёка дыбаць, або рэгулярна — ужываецца ў адной са сваіх парадыгматычных форм: Адны пануюць, другія гаруюць («пачатковая» форма) / Адны панавалі, другія гаравалі / Адны будуць панаваць, другія гараваць / Ім панаваць, а іншым гараваць / Каму панаваць, каму гараваць / Нам гараваць, а ім панаваць. Аказіянальныя афарызмы таксама здольны ўжывацца ў мадыфікаванай форме: А тут, хоць як мы ні мяркуем, Але нічога не даб’емся, Куды ні пойдзем, ні таўкнемся, Дабра ніколі не прыдбаем, Пакуль свайго кутка не маем. (Я. Колас) → Дабра ніколі не прыдбаеш, пакуль свайго кутка не маеш («пачатковая» форма). Літаратурныя афарызмы ўжываюцца ў тэксце пераважна ў мадыфікаванай форме, што стварае праблему іх вылучэння з кантэксту.
Новыя фальклорныя і літаратурныя афарызмы з’яўляюцца ў выніку або іх утварэння ў беларускай мове, або трансляцыі з іншых моў. Афарызмаўтварэнне (утварэнне афарыстычных адзінак) размяжоўваецца на невытворнае (паводле розных канструкцый сказаў) і вытворнае (паводле або перафразавання зыходных адзінак — разавай трансфармацыі іх формы і зместу, або афарызацыі — толькі семантычнага пераўтварэння зыходных адзінак). Афарызмы, утвораныя шляхам перафразавання іншых афарыстычных адзінак, могуць быць ім сінанімічныя і несінанімічныя, захоўваць або не захоўваць іх лагічную структуру, сінтаксічную будову, спосаб матывіроўкі агульнага значэння.
Масава ўзнаўляльным афарыстычным адзінкам уласцівы ўсе базавыя функцыі мовы і маўлення (акрамя намінатыўнай). Унікальнымі функцыямі афарызмаў з’яўляюцца ўніверсалізуючая і стылевызначальная. Ужыванне афарызмаў у тэксце можа ўтвараць яго стылістычную адметнасць — афарыстычны стыль, калі змест паведамлення перадаецца з дапамогай пераважна афарыстычных адзінак. Яскравая індывідуалізацыя афарыстычнага стылю ўтварае яго аўтарскія разнавіднасці — афарыстычныя ідыястылі.
Упершыню вызначаны асаблівасці структуры ў маўленні, віды і спосабы ўтварэння, базавыя і спецыфічныя функцыі афарыстычных адзінак у сучаснай беларускай мове, акрэслены паняцці афарыстычнага стылю і ідыястылю ў мове беларускай літаратуры.