МАРЗАЛЮК ІГАР АЛЯКСАНДРАВІЧ
Дысертацыя на суісканне вучонай ступені доктара гістарычных навук
"Этнаканфесійныя і сацыякультурныя стэрэатыпы насельніцтва беларускіх зямель у X-XVII стст."
07.00.02 - айчынная гісторыя абаронена 19 снежня 2003 г. на пасяджэнні Савета (Д 01.40.01) па абароне дысертацый на атрыманне вучонай ступені доктара гістарычных навук у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.
Праца выканана ва Установе адукацыі "Магілёўскі дзяржаўны універсітэт імя Аркадзя Куляшова".
Навуковы кансультант - доктар гістарычных навук, прафесар Сташкевіч Мікалай Стэфанавіч, Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Афіцыйныя апаненты - доктар гістарычных навук, Ляўко Вольга Мікалаеўна, Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, аддзел археалогіі сярэдневякоўя; доктар гістарычных навук, прафесар кафедры культуралогіі, Гарбацкі Андрэй Аляксандравіч, прарэктар Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя А. Пушкіна; доктар гістарычных навук, прафесар Чаквін Ігар Усеваладавіч, Інстытут этнаграфіі, мастацтвазнаўства і фальклору імя К.Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, аддзел этналогіі.
Апаніруючая арганізацыя - Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Я. Купалы.
Асноўныя палажэнні дысертацыі, якія выносяцца на абарону:
- Важнейшым элементам, "нясучай канструкцыяй" этнічнай саматоеснаці на працягу X-XVII стст. была тоеснасць канфесійная. Менавіта хрысціянізацыя і паўсталая на яе глебе канфесійная самаідэнтыфікацыя замацавалі ў якасці саманазвы ўсходнеславянскага насельніцтва Беларусі этнаканфесіонім "Русь".
- У другой палове XV ст. канчаткова замацоўваюцца ўяўленні аб тым, што ўся "Русь" (маецца на ўвазе асобны ўсходнеславянскі этнас) знаходзіцца ў межах ВКЛ. Замацаванню гэтых уяўленняў таксама істотна паспрыяў падзел былой адзінай Кіеўскай мітраполіі на дзве асобныя: "літоўскую" і "маскоўскую".
- У беларускай, як і ўвогуле ва ўсходнеславянскай традыцыі, тэрміны "Русь" і "Руская зямля" мелі і яшчэ больш шырокае сэнсавае напаўненне. У эпоху Кіеўскай Русі яны выкарыстоўваліся ў якасці
а) канфесіоніма (прыналежнасць да "Рускай" = Кіеўскай мітраполіі);
б) палітоніма для акрэслівання дзяржаўна-генеалагічнай агульнасці, створанай Рурыкавічамі. У самым шырокім сэнсе тэрмін "Русь" быў сінанімічны паняццям "Slavia Orthodoxa", "праваслаўны свет" і выкарыстоўваўся ўсходнеславянскімі кніжнікамі ў дачыненні не толькі да пазначэння ўсходніх славян, але і іншых праваслаўных этнасаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. У XVI ст. сфарміравалася і ўмацавалася яшчэ больш шырокая трактоўка "рускасці", сінанімічная "славянскасці".
- У XVI - першай палове XVII ст., калі беларускі этнас максімальна наблізіўся да вяршыні свайго этнаўтварэння, пачаўся працэс афармлення нацыі. Менавіта ў тэты час у асяроддзі русінскай інтэлектуальнай эліты пачынае афармляцца канцэпцыя аб'яднанай "кроўю і глебай", супольнай мовай і культурай нацыі, якая мае гістарычныя традыцыі ўласна "рускай" дзяржаўнасці. Аднак гэтыя ўяўленні так і не паспелі стаць здабыткам масавай свядомасці беларусаў. Яны былі характэрныя толькі для ўяўленняў невялікай часткі інтэлектуальнай эліты, шляхты і мяшчанства. У першай палове XVII ст. разам з нацыянальнымі канцэпцыямі развіцця, паводле якіх "рускія" народы Рэчы Паспалітай трактаваліся як самабытныя этнасы, паўстаюць і альтэрнатыўныя, канфліктуючыя з імі тэорыі. На ўкраінска-беларускай глебе былі агучаны як зыходныя прынцыпы заходнерусізма = маларусізма, гэтак і канцэпцыя існавання вялікай "маларускай" нацыі, састаўной часткай якой разам з ўкраінскімі з'яўляюцца і беларускія русіны.
- Важнейшым механізмам, выклікаўшым замену беларускай, "рускай" этнічнай самаідэнтыфікацыі польскай, быў працэс рэлігійнай канверсіі на карысць каталіцызму. Ён быў звязаны з устойлівай традыцыяй атаясамлення на ўзроўні масавай свядомасці праваслаўя (пазней уніяцтва) з "рускім" (беларускім) этнасам, а каталіцызму з літоўскім і польскім.
- У XII-XVII стст. насельніцтва і беларускіх, і ўкраінскіх зямель разглядала гістарычную спадчыну першай Кіеўскай дзяржавы як "сваю". Пры гэтым адбывалася наступнае: беларускі набілітэт і мяшчанства у XV-XVII стст. мелі ўстойлівы дзяржаўны патрыятызм, трактавалі ВКЛ як "сучасную Бацькаўшчыну", якая воляй лесу змяніла "даўнюю Бацькаўшчыну" - Кіеўскую Русь. У XVI-першай палове XVII ст. аформіліся зыходныя архетыпы ўсіх важнейшых канцэпцый генезы ВКЛ, якія пазней былі ўвасоблены ў нацыянальных гістарычных канцэпцыях кожнага з народаў, прэтэндаваўшых на спадчыну гэтай дзяржавы. У пэўных мадыфікацыях гэтыя канцэпцыі працягваюць існаваць і ў сучасны перыяд.
- Пасля Крэўскай уніі пачынаецца павольная вестэрнізацыя беларускай сацыякультурнай традыцыі. Праз наданне прывілеяў спачатку каталіцкай, а потым і праваслаўнай знаці дзяржавы аформіліся феадальныя імунітэты ў класічным - еўрапейскім - сэнсе гэтага слова. Менавіта ў канцы XIV - XV ст. атрымлівае распаўсюджванне канцэпцыя саслоўна-станавай манархіі, якая змяняе ўяўленні аб дзяржаве як патрыманіяльнай уласнасці вялікага князя. Ідэал "хрысціянскага ўладара" непарыўна пачынае звязвацца з гарантаваным захаваннем апошнім правоў і вольнасцей магнатам, шляхце і гарадам. У XVI - першай палове XVII ст. беларускае грамадства максімальна наблізілася да каштоўнасцей Новага Часу: у Беларусі ўзнікае "высокая" гуманістычная культура, індывідуалізм у шляхецкім і мяшчанскім асяроддзі, у гарадах складваецца новая працоўная этыка, грашам надаецца статус самадастатковай вартасці. Аднак гэтыя працэсы так і не знайшлі свайго лагічнага завяршэння ў выніку татальнай паланізацыі беларускай шляхты і знікнення ўласна беларускага мяшчанства ў другой палове XVII ст.