ЛАЎШУК ДЗІНА АЛЯКСЕЕЎНА
Дысертацыя на атрыманне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук
«Структурна-семантычная характарыстыка сучаснай беларускай сельскагаспадарчай тэрміналогіі»
10.02.01 – беларуская мова абаронена 28 сакавіка 2003 г. на пасяджэнні Савета па абароне дысертацый Д. 01.43.01 у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
Работа выканана у УА «МДУ імя А.А.Куляшова».
Навуковы кіраўнік – доктар філалагічных навук прафесар акадэмік А.І.Падлужны, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
Афіцыйныя апаненты –доктар філалагічных навук дацэнт М.Р.Прыгодзіч, кафедра гісторыі беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага універсітэта, кандыдат філалагічных навук І.Л.Капылоў, аддзел лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
Апаніруючая арганизацыя – УА «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф.Скарыны».
Аб’ектам даследавання з’яўляецца сучасная беларуская сельскагаспадарчая тэрміналогія. У якасці прадмета дасладавання выступаюць 10604 тэрміны сельскай гаспадаркі.
Мэта даследавання – вызначыць крыніцы фарміравання і спосабы ўтварэння беларускай сельскагаспадарчай тэрміналогіі, ахарактэрызаваць яе лексіка-семантычныя і структурна-граматычныя асаблівасці.
Асноўныя палажэнні, якія выносяцца на абарону:
- Выкарыстанне напрацовак тэрмінатворцаў 20-х гадоў – крыніца папаўнення і ўдасканалення сучаснай сельскагаспадарчай тэрмінасістэмы.
- Агульнаўжывальная лексіка і тэрміны дыялектнага паходжання – трывалы падмурак нацыянальнай сельскагаспадарчай тэрміналогіі.
- У межах сельскагаспадарчай тэрміналогіі рэалізуюцца ўсе асноўныя спосабы тэрмінаўтварэння (лексіка-семантычны, марфалагічны, марфолага-сінтаксічны), але на сучасным этапе найбольшай прадуктыўнасцю вызначаюцца тэрміны-кампазіты і састаўныя найменні, а таксама тэрміны, утвораныя пры дапамозе суфіксацыі.
- Абсалютная большасць сельскагаспадарчых тэрмінаў сістэмныя ў плане зместу і часткова – у плане выражэння.
- Для сельскагаспадарчай тэрмінасістэмы характэрны тыя ж лексіка-семантычныя працэсы, што адбываюцца і ў літаратурнай мове: полісемія, аманімія, сінанімія, дублетнасць, варыянтнасць, антанімія. Усё гэта (акрамя наяўнасці антонімаў) не садзейнічае эфектыўнаму функцыянаванню тэрміналогіі сельскай гаспадаркі.
- У нацыянальнай сельскагаспадарчай тэрміналогіі прадстаўлены самыя розныя структурныя тыпы спецыяльных найменняў: тэрміны-словы (невытворныя, вытворныя, складаныя, абрэвіятуры), тэрміны-словазлучэнні і сімвалы-словы. Найбольшую групу складаюць двухкампанентныя састаўныя тэрміны, найменшую – сімвалы-словы. Матэрыялы даследавання будуць карысныядля выкладчыкаў гуманітарных ВНУ краіны пры распрацоўцы спецкурсаў па пытаннях фарміравання і развіцця нацыянальнай тэрміналогіі, у практыцы выкладання раздзела “Словаўтварэнне”. Канкрэтныя тэрміны прапануюцца для выкарыстання як у спецыяльнай літаратуры, так і ў перыядычным друку.