ЕЎМЯНЬКОЎ ВІТАЛЬ ІВАНАВІЧ
Дысертацыя на атрыманне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук
“Адам Міцкевіч і духоўна-эстэтычныя пошукі ў літаратуры Беларусі ХІХ ст.”
10.01.01 – беларуская літаратура; 10.01.03 – літаратура народаў краін замежжа (польская літаратура). Абаронена 26 студзеня 2007 года на пасяджэнні савета па абароне дысертацый Д 02.01.12 пры Беларускім дзяржаўным універсітэце.
Работа выканана ва ўстанове адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова”.
Навуковы кіраўнік: Шпакоўскі Іван Сцяпанавіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, дацэнт кафедры беларускай літаратуры ўстановы адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М.Танка”.
Афіцыйныя апаненты: Мусіенка Святлана Піліпаўна, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры польскай філалогіі ўстановы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы”; Багдановіч Ірына Эрнстаўна, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Апаніруючая арганізацыя: установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны”.
Палажэнні дысертацыі, якія выносяцца на абарону:
- Спецыфіка вырашэння праблемы супрацьборства дабра і зла ў віленска-ковенскі перыяд творчасці А.Міцкевіча яскрава выяўляе беларускую адметнасць светапогляду паэта. Катэгорыі дабра і зла прадстаўлены ў ёй праз канфлікт двух метадаў пазнання – “жывая праўда” прыроды ў архаічных вераваннях беларусаў і “мёртвая праўда” ў сляпым рацыяналізме знявераных, анямечаных мудрацоў. Дадзенае супрацьстаянне ў паэме выяўляецца таксама і праз сацыяльна-этычны канфлікт “чулага сэрца” беларускіх сялян і “каменнага сэрца” іх злачыннага пана, што надзвычай характэрна для творчасці пісьменнікаў Беларусі XVIII cт. (Ю.Нямцэвіч, Ф.Карпінскі), ХІХ ст. (А.Плуг, В.Дунін-Марцінкевіч, Ю.Крашэўскі, У.Сыракомля, Ф.Багушэвіч) і першай чвэрці ХХ ст. (Я.Купала).
- Змест віленска-ковенскіх “Дзядоў” грунтуецца на беларускай мадыфікацыі хрысціянскай канцэпцыі пазнання дабра і зла.
- У творчасці паэта віленска-ковенскага перыяду зло насычана вобразамі-архетыпамі: чорт (“Пані Твардоўская”), вядзьмарка (балады “Люблю я”, “Пані Твардоўская”, паэма “Дзяды”), чарнакніжнік (“Тукай, або Выпрабаванне дружбы”). Спецыфіка адлюстравання гэтых вобразаў сведчыць пра перавагу ў свядомасці паэта беларускага архаічнага тыпу мыслення. Дадзеныя асаблівасці выяўлення зла і яго персаніфікацый характэрныя таксама і для “карціны свету” іншых пісьменнікаў Беларусі (Я.Чачота, Ю.Крашэўскага, Ф.Багушэвіча, А.Рыпінскага, К.Вераніцына).
- У светапоглядзе А.Міцкевіча назіраецца супрацьпастаўленне “залатога” і “злога” веку славян. Дадзеная тэндэнцыя характэрна для Ю.Нямцэвіча, Я.Чачота, А.Плуга; для светапогляду І.Лялевеля, З.Даленгі-Хадакоўскага. У паэмах “Конрад Валенрод” і “Гражына” А.Міцкевіч аналізуе гісторыю “злога веку”, прычыну духоўнай дэградацыі літвінаў-беларусаў – прыняцце імі скажонага хрысціянства, забруджванне “славянскай чысціні” крыжакамі. На думку А.Міцкевіча, славянскасць захавалі толькі беларускія сяляне, пра што сведчаць іх архаічныя вераванні і найменш змененая мова. А.Міцкевіч заклікае суайчыннікаў далучыцца да духоўнасці беларусаў, звярнуцца да іх “першаснай чысціні”.
- У першай палове 1830-х гг., пасля паражэння Лістападаўскага паўстання, зло для А.Міцкевіча ўвасоблена ў наступленні жорсткай рэакцыі, тыраніі. Прычына зла – у правідэнцыяльным папушчэнні Бога, спецыфіка адлюстравання якога ў дрэздэнскіх “Дзядах” сведчыць пра наследаванне паэтам беларускай і старажытнаяўрэйскай міфалагічных традыцый. Бог паўстае як суровы і справядлівы біблейскі Бог-суддзя (Яхвэ), што характэрна таксама для паэмы Ю.Крашэўскага “Анафеляс”.
У перыяд еўрапейскай эміграцыі змяніўся светапогляд паэта. У “Дзядах” ён называе язычніцкія вераванні беларусаў злом, распачынае другі этап сваёй творчай эвалюцыі – хрысціянскі. Але “вяртанне” да евангельскай сістэмы вартасцяў не значыла адыход А.Міцкевіча ад беларускай спадчыны. Сяляне, якія прайшлі праз агонь сацыяльнага і гістарычнага зла, здолелі, на думку паэта, ператварыць “жывую праўду” ў “праўду святую”.
- Перавага хрысціянскага светаўспрымання ў першай палове 1830-х – пачатку 1840-х гг. не спыніла складаных і, часам, супярэчлівых духоўных пошукаў паэта. Як і яго сучаснікі (Г.Жавускі, І.Ходзька, Ю.Крашэўскі, Ю.Славацкі), А.Міцкевіч, аналізуючы гісторыю дзяржаўнай катастрофы Рэчы Паспалітай і духоўнага заняпаду Еўропы ХVIII – XIX стст., звяртаецца да хрысціянскай канцэпцыі “неабходнага зла”. Ачышчэнне, вяртанне да Бога асобнага чалавека і грамадства – праца духу, якая, паводле А.Міцкевіча, вымагае пакут і іх цярпення. Разам з тым погляды паэта на свет і сваё месца ў ім не былі адназначнымі: побач з дабром ён знаходзіў “дыялектычна іншае” – зло як вайну ў імя міру, тыранію на шляху да свабоды, эміграцыю (выгнанне) на шляху да Бацькаўшчыны (Літвы-Беларусі).