ДОЎГАЛЬ АЛЕСЯ ВАЛЕР’ЕЎНА
Дысертацыя на саісканне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук
“ФУНКЦЫЯНАЛЬНА-СЕМАНТЫЧНАЯ КАТЭГОРЫЯ ЭМАТЫЎНАСЦІ Ў СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ”
па спецыяльнасці 10.02.01 – беларуская мова абаронена 28 лістапада 2006 г. на пасяджэнні савета па абароне дысертацый Д 02.01.11 у Беларускім дзяржаўным універсітэце.
Работа выканана ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.
Навуковы кіраўнік – Рамза Таццяна Расціславаўна, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, дацэнт кафедры сучаснай беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Афіцыйныя апаненты – Рудэнка Алена Мікалаеўна, доктар філалагічных навук, прафесар, прафесар кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта; Вештарт Галіна Феліксаўна, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, дацэнт кафедры беларускай мовы ДУА “Інстытут падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі”.
Апаніруючая арганізацыя – УА “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка”
Асноўныя палажэнні дысертацыі, якія выносяцца на абарону:
- Эматыўнасць і эмацыянальнасць з’яўляюцца катэгорыямі розных навуковых дысцыплін – лінгвістыкі і псіхалогіі адпаведна. Моўная катэгорыя эматыўнасці з’яўляецца больш вузкім паняццем у адрозненне ад паняцця эмацыянальнасці, бо прэзентуе толькі адзін з яе аспектаў – моўна-маўленчы.
- Вербальнае выражэнне эмоцый забяспечваецца адзінкамі розных узроўняў мовы: інтанацыйнымі, лексічнымі, словаўтваральнымі, граматычнымі, якія рэалізуюцца ў маўленні разам, паасобку або ў розных камбінацыйных спалучэннях. Моўна-маўленчыя сродкі на падставе агульнай семантычнай прыметы ‘эмоцыя’ (‘пачуццё’) і функцыянальнай прыметы ‘выражаць эмоцыі (пачуцці)’ аб’ядноўваюцца ў функцыянальна-семантычную катэгорыю эматыўнасці.
- Да лексічных моўных сродкаў выражэння эмоцый адносяцца эматывы, якія ў залежнасці ад статусу эматыўнага кампанента ў семантычнай структуры слова падзяляюцца на афектывы (эматыўны кампанент роўны значэнню) і канататывы (эматыўны кампанент з’яўляецца канататыўнай семай); да сінтаксічных моўных сродкаў – фразеалагізаваныя мадэлі эматыўных выказванняў: монасемантычныя (з адным тыпавым значэннем) і полісемантычныя (з некалькімі тыпавымі значэннямі).
- Кантэкст, кансітуацыі, інтанацыя абумоўліваюць функцыянаванне нейтральных моўных адзінак у якасці эматыўных сродкаў, што дазваляе ўключыць у функцыянальна‑семантычную катэгорыю эматыўнасці эмацыянальна афарбаваныя выказванні, кантэкстуальныя эматывы, інтэр’ектываваныя лексемы і цэлыя выразы.
- Рознаўзроўневыя эматыўныя адзінкі мовы і маўлення фарміруюць адзіную семантычную прастору – функцыянальна-семантычнае поле эматыўнасці сучаснай беларускай мовы. Ядро поля ўтвараюць выклічнікі; зону цэнтра складаюць інвектыўныя выказванні, эматыўныя выказванні з маркёрамі эматыўнасці, эматыўныя выказванні, пабудаваныя па пэўных сінтаксічных мадэлях; перыферыйную зону запаўняюць эмацыянальна афарбаваныя выказванні: блізкую перыферыю займаюць эмацыянальна афарбаваныя выказванні з эматыўнымі лексемамі, далёкую перыферыю арганізуюць выказванні, эмацыянальная афарбоўка якіх абумоўлена толькі інтанацыяй. Сама ж інтанацыя пранізвае ўсё поле, бо прысутнічае ў любым выказванні, незалежна ад яго сінтаксічнай структуры і лексічнага напаўнення.