БАРАНОЎСКАЯ ЛЮБОЎ ГЕОРГІЕЎНА
Дысертацыя на атрыманне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук
"Мастацкая анімалістыка ў беларускай літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя"
10.01.01 - беларуская літаратура абаронена 27 кастрычніка 2005 г. на пасяджэнні Савета па абароне дысертацый Д. 02.01.12 у Беларускім дзяржаўным універсітэце.
Работа выканана у УА "МДУ імя А.А.Куляшова".
Навуковы кіраўнік - доктар філалагічных навук прафесар А.І. Бельскі, кафедра беларускай літаратуры і культуры Беларускага дзяржаўнага універсітэта.
Афіцыйныя апаненты - доктар філалагічных навук прафесар Т.М. Дасаева, кафедра замежнай журналістыкі і літаратуры Беларускага дзяржаўнага універсітэта, кандыдат філалагічных навук дацэнт Т.С. Нуждзіна, кафедра беларускай літаратуры УА "Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта".
Апаніруючая арганизацыя - УА "Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Я.Купалы".
Аб'ектам навуковага даследавання з'яўляецца беларуская літаратура другой паловы ХХ стагоддзя, а таксама творы беларускіх аўтараў ад старажытнага перыяду да першай паловы ХХ стагоддзя.
Мэта даследавання - сістэмнае даследаванне беларускай літаратурнай анімалістыкі другой паловы ХХ стагоддзя, выяўленне яе мастацкай спецыфікі, асаблівасцей функцыянавання анімалістычных вобразаў у творах беларускіх пісьменнікаў.
Асноўныя палажэнні дысертацыі, якія выносяцца на абарону:
- Мастацкая анімалістыка - своеасаблівая сістэма вобразаў і матываў, якая мае спецыфічны характар функцыянавання, уключае ў сябе і падсістэму - анімалізм як спосаб мастацкага асэнсавання рэчаіснасці. Анімалістычныя вобразы адыгрываюць важную сэнсаўтваральную ролю ў аўтарскай канцэпцыі рэчаіснасці і ідэйна-філасофскім змесце твора.
- Анімалістычныя вобразы ў беларускай літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя маюць архетыпічныя вытокі і звязаны з міфапаэтычнымі ўяўленнямі. Выкарыстанне міфа пры стварэнні мастацкіх вобразаў фауны мае два выяўленчыя варыянты: 1) прамое, непасрэднае выкарыстанне анімалістычнага вобраза ў традіцыйным міфапаэтычным кантэксце; 2) выкарыстанне анімалістычнага вобраза ці матыву, які функцыянуе як архетып, калі мастак слова надае вобразу-матыву пэўную сімволіку, адпаведную ідэйна-сэнсавую трактоўку.
- Вобразы фауны прадстаўлены ў літаратурных творах старажытнага перыяду, ХУІІІ стагоддзя, аднак толькі ў ХІХ стагоддзі развівалася ў чатырох асноўных кірунках: рэалістычны, фантастычны, псіхалагічны.
- Для беларускай мастацкай анімалістыкі характэрна багацце і разнастайнасць анімалістычных вобразаў. У літаратурнай творчасці другой паловы ХХ стагоддзя вылучаюцца наступныя тыпы анімалістычных вобразаў: жывёлы як рэаліі прыроды, персаніфікаваныя анімалістычныя вобразы, вобразы-сімвалы, вобразы-алегорыі, фантастычныя вобразы жывёл.
- Кожны з анімалістычных вобразаў мае адметную гістарычна-культурную семантыку. Наватарства ў пераасэнсаванні вобразаў фауны, якое яскрава выяўлена ў беларускай літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя, звязана з пераменамі ў сацыяльна-культурным, маральна-этычным і экалагічным жыцці грамадства.