АБАБУРКА МІКАЛАЙ ВАСІЛЬЕВІЧ
Дысертацыя на атрыманне вучонай ступені доктара філалагічных навук
"Станаўленне i развiццё мовы беларускай мастацкай літаратуры"
10.02.01 - беларуская мова абаронена 4 снежня 2001 г. на пасяджэнні савета па абароне дысертацый Д 02.01.11 пры Беларускім дзяржаўным універсітэце.
Дысертацыя выканана ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А. Куляшова.
Афіцыйныя апаненты - доктар філалагічных навук прафесар Гіруцкі Анатоль Антонавіч (БДПУ імя Максіма Танка, кафедра тэорыі і гісторыі мовы); доктар філалагічных навук прафесар Прыгодзіч Мікалай Рыгоравіч (БДУ, кафедра гісторыі беларускай мовы); доктар філалагічных навук прафесар Сянкевіч Васіль Іванавіч (БрДУ, кафедра беларускай і рускай моў і методыкі іх выкладання).
Апаніруючая арганізацыя - Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны.
Асноўныя палажэнні дысертацыі, якія выносяцца на абарону:
- Мова беларускай мастацкай літаратуры - гэта функцыянальна-стылёвая разнавіднасць беларускай літаратурнай мовы, якая рэалізуецца ў вершавана-паэтычнай, драматургічна-дыялагічнай і апавядальна-празаічнай формах і з'яўляецца сінтэзам звычайнага і вобразнага, вуснага і пісьмовага маўлення беларускага народа. Асноўным адрозненнем мовы беларускай мастацкай літаратуры ад беларускай літаратурнай мовы неабходна лічыць тое, што пры дапамозе першай ажыццяўляецца пераважна суб'ектыўнае адлюстраванне аб'ектыўнай рэчаіснасці, у той час як апошняя выкарыстоўваецца і як сродак камунікацыі, і як сродак мастацкага адлюстравання, і як сродак справаводства, і інш.
- Нацыянальнае беларускае мастацкае маўленне, як сістэма выяўленчых сродкаў паэтычных, драматургічных і празаічных жанраў, пачынае фарміравацца ўжо ў перыяд перарастання беларускай народнасці ў беларускую нацыю (XVI-XVIII стст.). У XIX ст. выкарыстоўваецца мова беларускага фальклору і беларуская нацыянальная мова не толькі ў якасці выяўленчага сродку (Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, А. Рыпінскі і інш.), але і для праяўлення індывідуальных стыляў ці своеасаблівай манеры пісьма асобных пісьменнікаў (В. Дунін-Марцінкевіч, Ф. Багушэвіч і інш.). Спецыфічныя рысы беларускага літаратурна-мастацкага маўлення выяўляюцца і пры выкананні перакладаў з блізкамоўных і суседніх літаратур, у першую чаргу з рускай, украінскай, польскай. Адначасова запазычваюцца важнейшыя спосабы і прыёмы кніжна-пісьмовага адлюстравання аб'ектыўнай рэчаіснасці, якія аказваюць значны ўплыў на фарміраванне нацыянальна-літаратурнай апавядальнай мовы.
- Імкненне беларускіх дакастрычніцкіх пісьменнікаў стварыць нацыянальнае літаратурна-мастацкае маўленне прывяло да шырокай стылізацыі іх твораў як пад вусна-гутарковае маўленне, так і пад фальклорную, дыялектную, жаргонную і іншыя разнавіднасці агульнанароднага, агульнанацыянальнага маўлення. Пачынальнікі і рэфарматары беларускай нацыянальнай мастацкай літаратуры так ці інакш з'яўляюцца адначасова пачынальнікамі і рэфарматарамі новай беларускай нацыянальнай (літаратурнай) мовы.
- У дакастрычніцкі перыяд мова беларускай мастацкай літаратуры не мела прынцыповых адрозненняў ад беларускай літаратурнай мовы, з'яўлялася пераважна яе узорам у кніжна-пісьмовых разнавіднасцях тагачаснага беларускага маўлення. У савецкі час мова беларускай мастацкай літаратуры становіцца складанай мастацка-выяўленчай маўленчай структурам, што ўяўляецца як сплаў пластоў і разнавіднасцей беларускай нацыянальнай мовы, прыстасаваных да літаратурнага апісання, апавядання і разважання беларуса, да мастацкага мадэлявання яго матэрыяльнага і духоўнага жыцця, яго мінулага, цяперашняга і будучага. Таму ў мове беларускай савецкай мастацкай літаратуры, акрамя традыцыйнага аўтарскага маўлення і маўлення герояў (персанажаў), шырока выкарыстоўваецца сінкрэтычнае маўленне (так званая сказавая, няўласна аўтарская і няўласна простая мова ў большасці выпадкаў).
- Мова беларускай мастацкай літаратуры адыграла значную ролю ў фарміраванні і стабілізацыі норм сучаснай беларускай літаратурнай мовы (у першую чаргу лексіка-семантычных, граматычных і стылістычных). I ў цяперашні час пры складанні тлумачальных слоўнікаў, пры падрыхтоўцы нарматыўных граматык беларускай літаратурнай мовы выкарыстоўваюцца найперш і галоўным чынам прыклады-ілюстрацыі з літаратурна-мастацкіх твораў, надрукаваных як у савецкі, так і ў дакастрычніцкі перыяд.
- У сучаснай беларускай мастацкай літаратуры працягваюць акумулявацца, з аднаго боку, гутарковыя і кніжныя, а з другога - дыялектныя і прастамоўныя моўныя элементы. Наўмыснае спалучэнне іх з агульнаўжывальнымі, агульнанароднымі маўленчьші сродкамі прыдае таму ці іншаму кантэксту або ўсяму тэксту пэўную стылістычную афарбоўку, робіць яго як стылістычна простым, так і стылістычна складаным. Сучасныя беларускія пісьменнікі знаходзяцца па-ранейшаму пад моцным уплывам не толькі народна-гутарковай традыцыі, але і фальклору, а таксама літаратур народаў СНД і лепшых замежных майстроў літаратурна-мастацкага слова. Таму мова сучаснай беларускай мастацкай літаратуры ў параўнанні з дакастрычніцкім перыядам яе развіцця значна ўскладнілася, стала, з аднаго боку, аналітычнай, а з другога - сінтэзаванай і сінкрэтычнай. Традыцыйная апавядальная літаратурная норма, асабліва твораў вялікіх жанраў, працягвае відазмяняцца, перайначвацца і ўдасканальвацца, аказваючы ў сваю чаргу ўплыў на ўсе стылі беларускай літаратурнай мовы.
- Узаемадзеянне мовы сучаснай беларускай мастацкай літаратуры і сучаснай беларускай літаратурнай мовы значна актывізавалася ў апошнія дзесяцігоддзі. У выніку гэтага з'явілася вялікая варыянтнасць і сінаніміка на ўсіх узроўнях сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Узаемадзеянне аўтарскага маўлення і маўлення дзейных асоб, ужыванне кантэкстаў рознай стылёвай прыналежнасці, узаемадзеянне разнастайных "суб'ектыўных" планаў, стварэнне індывідуальна-аўтарскіх варыянтаў агульнапрынятых моўных і маўленчых норм - асноўныя шляхі развіцця апавядальнай нормы. Коласаўскае сумяшчэнне ўсіх стыляў і падстыляў сучаснай беларускай літаратурнай мовы ў мастацкім ("літаратурна-мастацкім", "мастацка-белетрыстычным") стылі набыло дыялектычны характар, "кніжнасць" і "гутарковасць" як стылістычныя катэгорыі сталі абавязковымі састаўнымі кампанентамі кожнага літараіурна-мастацкага твора таго ці іншага беларускага пісьменніка.
- У сучасных беларускіх літаратурна-мастацкіх творах апавядальнаспь не толькі суіснуе з характаралагічнасцю, але і вельмі часта выцясняецца апошняй. Узмацняецца псіхалагічны аналіз, ствараецца завуаляваная структура вобраза апавядальніка ці аўтара-апавядальніка, усё выразней праяўляецца аўтарская пазіцыя ў адносінах да выкладу і да норм сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Моўныя пошукі такіх пісменнікаў, як I. Мележ, В. Быкаў, Я. Брыль, А. Макаёнак, Р. Барадулін і інш., сведчаць пра ўзбагачэнне сучаснай беларускай літаратурнай мовы не толькі экспрэсіўнымі, але і намінацыйна-інфармацыйнымі сродкамі.
- Сінтэзаваыне моўна-выяўленчых сродкаў у межах пэўнага жанру і саміх некаторых жанраў прывяло да поліфанічнага мастацкага маўлення, якое ўплывае як на блізкія або суседнія жанры, так і на розныя віды, нават роды мастацкай літаратуры. Беларускія прадстаўнікі і крытычнага, і сацыялістычнага рэалізму надавалі і надаюць вялікае значэнне так званым вобразу аўтара і вобразу чытача (рэцыпіента), у якіх арганічана сумяшчаюцца паводле законаў мастацкасці "высокае" з "нізкім", сацыяльна-групавое з індывідуальным, нацыянальнае з інтэрнацыянальным.