payday loans
 

Могилевский государственный университет
имени А.А. Кулешова

Türkmen wersiýa Türkçe sürümü 中国版 La version en français Die Version deutsch English version Беларуская версія
Главная Время и мы Спартыўныя традыцыі

Спартыўныя традыцыі

Стала ўжо традыцыяй пасля зімняй экзаменацыйнай сесіі праводзіць у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А. Куляшова шэраг фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў. Адно з іх - "Спартландыя" - праходзіла 26 студзеня ў спартыўнай зале галоўнага корпуса ўніверсітэта, дзе ў чаканні адкрыцця спаборніцтваў сабраліся каманды выкладчыкаў факультэтаў і супрацоўнікаў аддзелаў універсітэта. І вось доўгачаканы момант наступіў: пад урачыстую музыку Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь уздымаецца чырвона-зялёны сцяг нашай краіны. Дырэктар спартыўнага клуба ўніверсітэта Н.У. Хамук рапартуе прарэктару па вучэбнай рабоце М.П. Бузуку аб гатоўнасці каманд да спаборніцтваў. Пасля ўручэння ўзнагарод пераможцам і прызёрам мінулагодніх спаборніцтваў Мікола Пятровіч адзначыў: "Беларусы - спартыўная нацыя. Па выніках Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы беларусы стабільна ўваходзяць у дваццатку наймацнейшых краін свету. Значны ўклад у спартыўныя перамогі ўнеслі і атлеты Магілёўшчыны, у тым ліку і нашага ўніверсітэта. Успомнім апошнія зімнія і летнія Алімпійскія гульні, дзе бліскуча выступілі нашы Аксана Мянькова, Андрэй Рыбакоў, Сяргей Новікаў. Але сёння мы сабраліся не дзеля рэкордаў. Пасля сесіі выкладчыкам і супрацоўнікам універсітэта патрэбна псіхалагічная разрадка, а таму спаборніцтвы будуць насіць аздараўленчы характар, каб пасля зімовых вакацый усе мы з новымі сіламі павялі студэнтаў у краіну ведаў. У добры шлях, спартакіяда!"

Трэба зазначыць, што спартыўнае майстэрства выкладчыкаў факультэтаў і супрацоўнікаў універсітэта расце з кожным годам. І калі пяць год таму факультэт фізічнага выхавання выступаў па-за конкурсам, то апошнія гады перамогі да "прафесіяналаў" прыходзяць у напружанай барацьбе. Вось і ў гэтым годзе пасля двух відаў спартакіяды - плавання і шахмат - лідэрства захапіла каманда фізіка-матэматычнага факультэта. На пяткі фаварытам спаборніцтваў наступалі дружныя каманды гістарычнага факультэта, факультэтаў эканомікі і права і замежных моў.

Плаванне ў апошнія гады для большасці супрацоўнікаў універсітэта стала любімым відам спартакіяды. І калі 2-3 гады таму можна было з упэўненасцю сказаць, што пераможцамі ў заплывах абавязкова стануць такія "асы" блакітных дарожак, як В.Г. Іваноў, А.І. Ульянаў, У.У. Шутаў, М.У. Сяркоў, А.У. Кучарава, В.А. Елісеенка і многія іншыя выкладчыкі факультэта фізічнага выхавання, то цяпер сярод пераможцаў мы бачым прадстаўнікоў фізмата, факультэта замежных моў, факультэта педагогікі і псіхалогіі дзяцінства, педагагічнага факультэта, факультэта эканомікі і права, супрацоўнікаў рэдакцыйна-выдавецкага аддзела. Дэкан факультэта фізічнага выхавання У.У. Шутаў пры ўручэнні лепшым плыўцам грамат і медалёў зазначыў: "Я і не чакаў, што будзе такая напружаная барацьба ў плаванні. І калі фізмат заўсёды канкурыраваў з намі, то поспех плыўцоў факультэта замежных моў для мяне сюрпрыз. Факультэту ўсяго дзесяць год, а поспехі ў спорце ў выкладчыкаў значныя".

Завяршалася спартакіяда лыжнымі гонкамі. Спаборніцтвы, як і заўсёды, праходзілі ў маляўнічым месцы Любуж, куды ў суботнюю раніцу 5 лютага накіроўваліся многія супрацоўнікі ўніверсітэта. І надвор'е спрыяла добраму завяршэнню спартакіяды: невялічкі марозік, ціха і сонечна. Тут жа, у Любужы, прафсаюзны камітэт універсітэта праводзіў традыцыйны "Дзень здароўя". Пакуль лыжнікі рыхтаваліся да забегаў, для балельшчыкаў (а іх было вельмі шмат) праводзіліся розныя забаўляльныя гульні - "Меткі стралок", "Зімовая рыбалка", "Здабудзь прыз з завязанымі вачыма", перацягванне каната і інш.

Нарэшце галоўны суддзя спаборніцтваў Т.Я. Старавойтава запрашае лыжнікаў на старт. Больш за сотню чалавек уключыліся ў барацьбу за шматлікія прызы, якія ўстанавіў прафсаюзны камітэт універсітэта. З інтэрвалам у трыццаць секунд пара за парай са старту адыходзілі ўсё новыя лыжнікі. Паказальна і тое, што ў барацьбу за прызы ўключыліся многія кіраўнікі структурных падраздзяленняў: Н.У. Саковіч (старшыня прафкама), Л.Я. Старавойтаў (дэкан фізмата), І.А. Камарова (дэкан факультэта педагогікі і псіхалогіі дзяцінства), Д.А. Рагаўцоў (дэкан факультэта эканомікі і права)… Аднак "цвіком праграмы" стаў забег прарэктара па вучэбнай рабоце М.П. Бузука з адным з мацнейшых лыжнікаў нашага ўніверсітэта - выкладчыкам кафедры фізвыхавання і спорту В.А. Елісеенкам. Барацьба ішла да апошніх метраў, і толькі на самым фінішы "профі" вырваў перамогу.

І вось апошні лыжнік перасёк фінішную рысу. Судзейская калегія стала падводзіць вынікі каманднай барацьбы ў лыжных гонках і вынікі спртакіяды-2011. А ў гэты час удзельнікі спаборніцтваў і гледачы ласаваліся духмяным чаем і блінамі з маслам.

Праз некаторы час галоўны суддзя спаборніцтваў Т.Я. Старавойтава абвясціла вынікі лыжных гонак. Першае месца - за камандай факультэта фізічнага выхавання, другое - у каманды адміністрацыйна-гаспадарчай часткі, трэцяе - у факультэта эканомікі і права.

Вынікі спартакіяды наступныя:
І месца - факультэт фізічнага выхавання;
ІІ месца - фізмат;
ІІІ месца - факультэт эканомікі і права.

Такім чынам, можна канстатаваць наступнае: спартакіяда-2011 удалася на славу, а супрацоўнікі МДУ імя А.А. Куляшова будуць чакаць новых стартаў.

А.С. ЛАЎШУК, дэкан педфака,
Н.У. ХАМУК, старшыня спартклуба.

 

Главная Время и мы Спартыўныя традыцыі