payday loans
 

Могилевский государственный университет
имени А.А. Кулешова

Türkmen wersiýa Türkçe sürümü 中国版 La version en français Die Version deutsch English version Беларуская версія
Главная Новости Лента новостей Пайшоў з жыцця доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Беларускай акадэміі адукацыі, былы загадчык кафедры беларускай мовы МДУ імя А.А. Куляшова Васіль Іванавіч Рагаўцоў

Пайшоў з жыцця доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Беларускай акадэміі адукацыі, былы загадчык кафедры беларускай мовы МДУ імя А. А. Куляшова Васіль Іванавіч Рагаўцоў. Ад імя калег Васіля Іванавіча, яго вучняў выказваем родным, сябрам памёршага глыбокія спачуванні.

Васіль Іванавіч Рагаўцоў нарадзіўся 4 студзеня 1952 г. Скончыў Мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут (цяпер дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна) па спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура» (1973). Настаўнічаў у Коўчыцкай сярэдняй школе Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці (1973–1976). Скончыў аспірантуру пры Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР (1976–1978). З 1978 г. працаваў у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. А. Куляшова (з 1983 па 2013 гады — загадчык кафедры беларускай мовы, з 2013 па 2014 год працаваў на пасадзе прафесара). Васіль Іванавіч даследаваў сінтаксіс сучаснай беларускай літаратурнай мовы, лексіку беларускіх народных гаворак, мову беларускай мастацкай літаратуры, пытанні тэарэтычнай лінгвістыкі, беларускую дыялектную анамастыку і інш. Ён — аўтар больш за 220 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфій, 2 слоўнікаў, каля 150 артыкулаў у беларускіх энцыклапедычных выданнях, айчынных і замежных навуковых часопісах і зборніках, 70 матэрыялаў і тэзісаў дакладаў на навуковых канферэнцыях у Беларусі і за яе межамі. Апрача таго, Васіль Рагаўцоў апублікаваў 15 навучальных дапаможнікаў і 3 вучэбна-метадычныя матэрыялы, 37 рэцэнзій, падрыхтаваў 2 тыпавыя праграмы (па ўводзінах у мовазнаўства і па агульным мовазнаўстве). Упершыню ў беларускім мовазнаўстве зрабіў спробу найбольш поўна выявіць і комплексна прааналізаваць сродкі маўленчага выражэння камічнага ў даўняй і сучаснай беларускай драматургіі (ХVІІ–ХХ стст.), а таксама акрэсліць найважнейшыя асаблівасці іх ужывання. Таксама ён — аўтар унікальнага ў беларускім мовазнаўстве энцыклапедычнага даведніка «Мовы свету», у якім даюцца звесткі пра 400 найбольш распаўсюджаных моў свету, больш за 150 сем’яў і груп моў.

Васіль Іванавіч Рагаўцоў застанецца ў гісторыі беларускай літаратуры як самабытны, яркі, надзвычай таленавіты паэт. Аўтар шасці паэтычных зборнікаў: «Сутонне» («Бібліятэка часопіса „Маладосць“», 1995. — 32 с.), «Долягляд» (Мінск: Юнацтва, 1998. — 93 с.), «Адмыслоўцы» (Мінск: Кнігазбор, 2007. — 32 с.), «На роскрыжы дарог» (Мінск: Кнігазбор, 2008. — 136 с.), «Імгненне і Вечнасць» (Мінск: Кнігазбор, 2010. — 176 с.) «Імгненне і Вечнасць – 2» (Мінск: Кнігазбор, 2013. — 40 с.). Асобныя вершы паэта пакладзены на музыку кампазітарам М. Яцковым. Вядомы навуковец і літаратар, Васіль Іванавіч быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2002). У 2014 г. атрымаў званне Заслужанага работніка адукацыі Рэспублікі Беларусь. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Васіля Хомчанкі Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» (2008) за зборнік вершаў для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту «Адмыслоўцы» (2007).

Васіль Іванавіч Рагаўцоў быў шчырым, сумленным, надзвычай таленавітым чалавекам, які пакінуў пасля сябе светлую, добрую памяць.

 

Главная Новости Лента новостей Пайшоў з жыцця доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Беларускай акадэміі адукацыі, былы загадчык кафедры беларускай мовы МДУ імя А.А. Куляшова Васіль Іванавіч Рагаўцоў