Калектыў супрацоўнікаў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова глыбока смуткуе з нагоды смерці былога супрацоўніка — прарэктара па вучэбнай рабоце — Мікалая Пятровіча БУЗУКА.
Мікалай Пятровіч Бузук нарадзіўся 18 снежня 1951 года ў в. Зарой Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці.
Уся працоўная дзейнасць Мікалая Пятровіча звязана з універсітэтам. Скончыў філалагічны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. А. Куляшова па спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура» ў 1976 г. і адразу ж у роднай альма матар пачаў свой прафесійны шлях. Спачатку працаваў асістэнтам (1976–1979), затым старшым выкладчыкам (1983–1991), дацэнтам (1991) кафедры беларускай і рускай моў педагагічнага факультэта. Даволі працяглы час быў намеснікам дэкана педагагічнага факультэта па вучэбнай рабоце (1987–1995), дэканам факультэта прыродазнаўства (1995–2000), дэканам факультэта славянскай філалогіі (2000–2001), прарэктарам па вучэбнай рабоце (2001–2017).
З 1979 па 1982 г. вучыўся ў аспірантуры Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР (пры сектары сучаснай беларускай літаратурнай мовы і культуры мовы па спецыяльнасці «Беларуская мова»). Менавіта ў Інстытуце мовазнаўства і абараніў кандыдацкую дысертацыю «Параўнанне ў мове сучаснай беларускай мастацкай прозы: структурна-граматычны і стылістычны аналіз» пад навуковым кіраўніцтвам акадэміка АН БССР доктара філалагічных навук, прафесара М. В. Бірылы. З 1990 г. — кандыдат філалагічных навук, з 1991 г. — дацэнт.
За скупымі радкамі — няпросты і насычаны чалавечы лёс. Усё сваё жыццё ён быў адданы любімай справе. Заўсёды добразычлівы, спагадлівы і ўважлівы, ён карыстаўся павагай як у педагагічным калектыве, так і сярод студэнтаў і супрацоўнікаў.
Калектыў універсітэта шчыра спачувае родным і блізкім памерлага і падзяляе з імі смутак і горыч гэтай незаменнай страты.
Памяць пра Мікалая Пятровіча, выдатнага чалавека і добрага кіраўніка, назаўсёды застанецца ў сэрцах родных, сяброў і калег.
Развітанне з Бузуком Мікалаем Пятровічам адбудзецца 16 сакавіка з 17.00 і 17 сакавіка да 13.00 па адрасе г. Магілёў, Мінская шаша, д. 8.
Ад’езд аўтобуса для развітання — 17 сакавіка ў 11.45 ад вучэбнага корпуса № 1.