Адна з самых яркіх і нязвыклых для аматараў мастацтва выстаў адкрылася на гэтым тыдні ў чытальнай зале МДУ імя А. А. Куляшова. Яе назва: «BRINC ME TO THE MOON». У экспазіцыі работы двух магілёўцаў — Васіля ды Івана Малініных. Цырымонія адкрыцця выставы адбылася ўчора. Але тут якраз той выпадак, калі варта абмінуць прывітальныя прамовы ўдзельнікаў мерапрыемства і перайсці непасрэдна да апісання саміх работ. Гэта не фотаздымкі і не жывапіс. Гэта камп’ютарная графіка, выкананая з выкарыстаннем найскладаных дызайнерскіх праграм.
Спачатку — у першыя хвіліны наведвання — з’яўляецца ўражанне таго, што аўтары зрабілі скрыншоты з папулярных камп’ютарных гульняў — вельмі падобныя графіка і каляровая гама. Аднак усё куды больш складана… Сапраўды, многія работы атрымалі жыццё, дзякуючы уражанням ад сучасных электронных цацак, аднак у галерэі братоў Малініных даволі часта паўстаюць вобразы з Галівудскіх блакбастэраў і нават серыялаў. І гэта не проста перанос аблічча персанажа з экрана на паперу. Хутчэй, трэба весці гутарку пра творчае пераасэнсаванне, пераклад мовы кіно на мову чалавечых пачуццяў. І мова гэта ўніверсальная — будзе аднолькава цікавая як пакаленню гаджэтаў і смартфонаў, так і больш кансерватыўнай публіцы, выхаванай на класічным мастацтве. Адным словам, запрашаем у чытальную залу ўніверсітэта падыхаць водарам «BRINC ME TO THE MOON».