У межах праекта “Падземка” ўчора ў медыястудыі МДУ імя А.А. Куляшова адбылася творчая сустрэча з выдатным беларускім паэтам і перакладчыкам Андрэем Хадановічам. Госць “Падземкі” прэзентаваў толькі што пабачыўшую свет кнігу выбраных вершаў напаўзабытага паэта першай трэці ХХ стагоддзя Юлія Таўбіна, а таксама прачытаў уласныя вершы. “У Магілёўскім універсітэце апошні раз я быў амаль 10 гадоў назад, — распавядае паэт. — Вельмі прыемна тое, што беларускае мастацкае слова знаходзіць водгук у маладых людзей. Пра Юлія Таўбіна магчыма казаць шмат. Перадусім гэта адзін з найбольш таленавітых паэтаў плеяды так званага “Маладняка”. Дарэчы, ён быў сябрам Аркадзя Аляксандравіча Куляшова, імя якога носіць ваша навучальная ўстанова. Менавіта Таўбін завёў 14-гадовага Куляшова да рэдактара літаратурнага часопіса, магчыма, прадвызначыў лёс будучага Народнага паэта”. Надзвычай спадабаліся студэнтам вершы ўласна самога Андрэя Хадановіча. “Я прачытаю вам творы, якія маюць крыху папулярны характар, — зазначыў паэт. — Канешне, сучасная паэзія надзвычай адрозніваецца ад класічных, напрыклад, Купалаўскіх узораў. Таму прашу паставіцца да пачутага вамі з разуменнем, а, калі будзе жаданне, то і прапаную падтрымаць мяне”. Студэнты з задавальненнем падтрымалі паэта апладысментамі. “Так, Андрэй Хадановіч вельмі цікавы аўтар і надзвычай харызматычны чалавек, — дзеліцца ўражаннямі студэнтка спецыяльнасці “Журналістыка” Вераніка Бабіч. — Мяркую, ніхто з прысутных на сустрэчы не пашкадуе пра згублены час. Беларуская літаратура, якая нам уяўлялася сялянскай, набыла адсёння новыя, мадэрнісцкія, урбаністычныя адценні”.