Чарговая фотавыстава адкрылася ў абноўленай чытальнай зале ўніверсітэта. Наведвальнікам прапаноўваюцца работы таленавітай магілёўскай фотамастачкі, выпускніцы гістарычнага факультэта Крысціны Пузанавай. Выстава складаецца з 22-х работ. Часцей за ўсё, гэта пейзажныя і рэпартажныя фотаздымкі. У аб’ектыве Крысціны — маляўнічыя куточкі Магілёўшчыны: узбярэжжы рэчак, узлескі і гаі, парослыя хмызняком копанкі. Улюбёная тэма фотамастачкі — людзі на ўлонні прыроды. Яна фатаграфуе дзетак і іх бацькоў, прычым робіць гэта нязмушана і «атмасферна», па-майстэрску перадаючы каларыт вёскі, наваколля. Яшчэ адна, характэрная для Крысціны Пузанавай тэма, — людзі і горад. На яе здымках чалавек не губляецца сярод хмарачосаў, не заціраецца натоўпам. Кожны гараджанін — індывідуальнасць, неад’емная частка складанага ўрбаністычнага ландшафту. Убачыць выставу можна штодня, апроч суботы і нядзелі. Размешчана яна ў галоўным корпусе МДУ імя А. А. Куляшова (вул. Касманаўтаў, 1). Другі паверх, чытальная зала.