Літаратурная вечарына, прысвечаная Народнаму паэту Беларусі Аркадзю Аляксандравічу Куляшову, адбылася ўчора ў МДУ імя А. А. Куляшова. У якасці арганізатараў мерапрыемства выступілі гаспадыня літаратурнага салона, дацэнт кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый Марына Іванаўна Чмарава і сябры Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Казека і Уладзімір Ясеў. Уладзімір Віктаравіч згадаў той час, калі наша навучальная ўстанова вырашала, імя якога выбітнага дзеяча сабе абраць. “Вельмі сімвалічна тое, што наш універсітэт носіць імя знакамітага паэта, — падкрэсліў выступоўца. — І гэта накладае на нас пэўныя абавязкі: мы павінны ведаць творчую спадчыну Аркадзя Аляксандравіча, уяўляць сабе, якім ён быў чалавекам”.
З асноўнымі этапамі паэтычнага шляху Аркадзя Куляшова прысутных пазнаёмілі загадчык кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый Таццяна Борбат, а таксама прафесар гэтай кафедры, доктар філалагічных навук Алесь Макарэвіч. На думку Алеся Мікалаевіча, паэзія Куляшова — гэта складаны код, расчытваць які трэба ўважліва і старанна. “Куляшоў — гэта класік, аўтар сусветнага значэння. Яго паэзія — набытак усяго чалавецтва”, — адзначыў літаратуразнаўца. Таццяна Борбат, якая ўжо не адно дзясяцігоддзе выкладае курс беларускай літаратуры 60 – 70-х гг. ХХ стагоддзя, звярнула ўвагу на лірычнасць, шчырасць куляшоўскага радка. “Цяжка знайсці больш мілагучны, кранаючы, шчымлівы верш, чым верш “Бывай”. Наогул, Аркадзь Аляксандравіч — гэта пясняр пачуццяў, шчырых эмоцый. Самае ж галоўнае тое, што паэзія Куляшова актуальная і сёння. І сёння яна карыстаецца попытам сярод моладзі”, — выказала меркаванне Таццяна Іванаўна. Старшыня Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Казека адзначыў важнасць супрацоўніцтва паміж універсітэтам і пісьменніцкім аб’яднаннем. “Сярод студэнтаў шмат таленавітых людзей, якія, я ўпэўнены, працягнуць багатыя творчыя традыцыі Куляшова”, — зазначыў Алесь Казека.