Студэнтка групы Н-41 факультэта пачатковай і музычнай адукацыі Лілія Карасёва стала пераможцай IV Рэспубліканскага конкурсу “Творчасць маладых педагогаў”, які ладзіцца рэдакцыяй навукова-метадычнага часопіса “Пачатковая школа” пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і “Настаўніцкай газеты”. Першае месца ў намінацыі “Выхаваўчае мерапрыемства” прынёс Ліліі арыгінальны сцэнарый мерапрыемства “Лідар ёсць у кожным”, скіраванага на стварэнне ўмоў для развіцця асобаснага патэнцыялу малодшых школьнікаў.
Узнагароджанне прызёраў конкурсу, у якім прынялі ўдзел маладыя настаўнікі пачатковых класаў і студэнты выпускных курсаў вышэйшых педагагічных устаноў з усёй краіны, адбылося 8 лютага на XXVI Мінскім міжнародным кніжным кірмашы ў выставачным комплексе “БелЭкспа” (г. Мінск). Акрамя дыплома пераможцы, студэнтка ФПіМА атрымала з рук дырэктара выдавецтва Вольгі Ванінай сертыфікат на набыццё метадычнай літаратуры на суму 120 рублёў. Усе распрацоўкі пераможцаў будуць апублікаваныя сёлета ў 4, 5 і 6 нумарах часопіса “Пачатковая школа”. Выкладчыкі і студэнты факультэта пачатковай і музычнай адукацыі віншуюць Лілію і жадаюць ёй новых прафесійных здзяйсненняў!
Намеснік дэкана па навуковай рабоце Д.А. Доўгаль