Больш за 30 настаўнікаў з 7 раёнаў Магілёўшчыны, а таксама з абласнога цэнтра і горада Бабруйска сёння наведалі навучальныя курсы «Актуальныя пытанні падрыхтоўкі вучняў да алімпіяды па беларускай мове і літаратуры», якія ўпершыню праходзілі на базе МДУ імя А. А. Куляшова. Арганізатарам і мадэратарам курсаў быў дацэнт кафедры пачатковай адукацыі і лінгвадыдактыкі, трэнер каманды Магілёўскай вобласці на рэспубліканскай алімпіядзе па мове і літаратуры Дзмітрый Аляксандравіч Доўгаль. «Якраз зараз адбываецца інтэнсіўная падрыхтоўка да ўдзелу у раённых алімпіядах, — тлумачыць Дзмітрый Аляксандравіч. — Натуральна, настаўнікі зацікаўленыя ў новай інфармацыі, у новых метадах працы з таленавітымі вучнямі. Мы прапанавалі ім аптымальную, як нам здаецца, аднадзённую праграму, якая сканцэнтраваная вакол дзвюх надзённых праблем у падрыхтоўцы алімпіяднікаў. Гэта напісанне водгука і вуснага выказвання на пэўную тэму».
Заўважым тое, што курсы на базе ўніверсітэта платныя. Тое, што столькі спецыялістаў пагадзілася іх наведаць, шмат пра што гаворыць. Важна таксама падкрэсліць прафарыентацыйную скіраванасць курсаў. «Мы перакананыя ў тым, што педагогі, якія вернуцца ў свае класы з добрымі ўражаннямі і настроем, будуць раіць сваім вучням паступаць менавіта ў наш універсітэт», — заўважыў пасля цырымоніі ўручэння сертыфікатаў аб праходжанні курсаў дэкан факультэта пачатковай і музычнай адукацыі Аляксей Валер’евіч Іваноў.