У выдавецтве ўніверсітэта выйшла «Храналогія гісторыі МДУ імя А. А. Куляшова (1913 – 2018): да 105-годдзя стварэння». Аўтар-складальнік — кандыдат гістарычных навук, дацэнт Аляксандр Рыгоравіч Агееў. Як пазначана ў анатацыі, у кнізе прадстаўленая храналогія падзей і біяграфіі выдатных выкладчыкаў, арганізатараў вучэбнага працэсу і выпускнікоў універсітэту. Упершыню ў гістарыяграфіі разглядаюцца культурна-асветніцкія і грамадска-палітычныя падзеі, якія характарызуюць дзейнасць адной з першых беларускіх вышэйшых навучальных устаноў.
«Наш універсітэт вядзе свой радавод ад Магілёўскага настаўніцкага інстытута, які распачаў сваю дзейнасць у далёкім 1913 г.», — піша ва «Уводзінах» Аляксандр Агееў. Па яго словах, у 1930 г. педагагічны інстытут быў адноўлены і паспяхова развіваўся да 1997 г. У канцы ХХ ст. на яго базе пачаў дзейнічаць Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт. Далей навуковец згадвае тыя задачы, якія перад ім стаялі ў працэсе падрыхтоўкі «Храналогіі…». «Адной з задач гэтага даследавання з’яўляецца спрыянне фарміраванню пазітыўнага вобраза МДУ імя А. А. Куляшова, аблягчэнню распаўсюджвання і пашырэння інфармацыі пра яго гісторыю і дасягненні шляхам комплекснага, сістэмнага аналізу назапашанага факталагічнага матэрыялу і храналагізацыі гісторыі ўстановы».
Кампазіцыйна асноўны змест кнігі складаецца з дзвюх частак. У першай — паслядоўна сабраны падзеі стагадовай гісторыі ўніверсітэта. У другой частцы ў храналагічным парадку прадстаўлены біяграфіі найбольш значных прадстаўнікоў ВНУ. «Факты, якія адлюстраваныя ў выданні, дастаткова разнастайныя і неадназначныя. У храналагічным парадку прадстаўлены вытрымкі з дакументаў вышэйшых органаў кіравання, важныя структурныя пераўтварэнні, істотныя адміністрацыйныя змены», — інфармуе свайго чытача Аляксандр Агееў.
Храналогія гісторыі МДУ імя А. А. Куляшова (1913 – 2018): да 105-годдзя стварэння / аўтар-складальнік А. Р. Агееў ; пад агул. рэд. Д. У. Дука. — Магілёў : МДУ імя А. А. Куляшова, 2018. — 164 с.