50-гадовы юбілей доктара гістарычных навук, прафесара, вядомага грамадскага і палітычнага дзеяча Ігара Аляксандравіча Марзалюка адзначылі ўчора ў МДУ імя А. А. Куляшова. Чалавек, патрэбны ўніверсітэту, грамадству і ўсёй Беларусі. Менавіта так юбіляра ахарактарызаваў рэктар нашага ВНУ Дзяніс Уладзіміравіч Дук. І справа не толькі ў тым, што Ігар Марзалюк за паўстагоддзя жыццёвага шляху здолеў дасягнуць неверагодных вынікаў у навуцы, адкрыць шырокія далягляды ў гісторыі Беларусі, археалогіі.
50 год жыцця гэтага выдатнага навукоўца — гэта прыклад адданага служэння людзям, плённая дзейнасць па захаванню і адраджэнню гістарычнай спадчыны беларускага народа. Па яго кнігах вучацца студэнты і аспіранты. Яго навуковыя манаграфіі цытуюць у Оксфардзе і Кембрыджы. «Ігар Аляксандравіч Марзалюк у свой час быў самым маладым доктарам гістарычных навук у нашай краіне, — падкрэсліў рэктар. — Ён зрабіў немагчымае магчымым, прадэманстраваў маладым навукоўцам тое, што сумленная праца і заглыбленасць у вывучаемую праблему, самаадданасць могуць падштурхнуць да хуткага прафесійнага росту».
Ад імя калектыва ўніверсітэта Дзяніс Дук павіншаваў юбіляра, пажадаў яму моцнага здароўя і поспехаў у навуковай і грамадска-палітычнай дзейнасці. Ад імя выканаўчай улады нашага рэгіёну Ігара Аляксандравіча павіншаваў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Уладзіміравіч Рыжкоў. Добрыя словы ў адрас юбіляра гучалі ад ўдзячных вучняў, калег, сяброў, прадстаўнікоў факультэтаў. «Мне вельмі прыемна чуць і бачыць людзей, якія за час працы зрабіліся мне роднымі, — адзначыў Ігар Марзалюк. — Надзвычай удзячны ўніверсітэту за тое, што менавіта ў яго сценах я сфарміраваўся як асоба, як навуковец. Асаблівую падзяку хачу выказаць сваім старэйшым калегам, у якіх даводзілася шмат вучыцца, пераймаць вопыт».
Былы дэкан гістарычнага факультэта, прафесар Пётр Фролавіч Дзмітрачкоў, згадваючы Ігара Марзалюка ў студэнцкія гады, зазначыў: «Ігар быў надзвычай дапытлівым, актыўным маладым чалавекам. Тое, што ён дасягнуў гэтакіх вяршынь — заканамернасць. Ігар Аляксандравіч заўжды вызначаўся грунтоўнасцю, выдатным веданнем айчынных і замежных гістарычных крыніц. Паказальна тое, што ён нароўных можа палемізаваць з нашымі еўрапейскімі калегамі, адстойваючы беларусацэнтрычнасць. 50 год — гэта маладосць, якая насычана сталасцю. Жадаю Ігару Аляксандравічу быць моцным і гэтакім жа энергічным, паспяхова сумяшчаць навуковую і палітычную дзейнасць».
Звяртаючыся да прысутнай на ўрачыстасці моладзі, Ігар Аляксандравіч падкрэсліў: «Нічога не паўстае на пустым месцы. Толькі цяжкай працай можна дасягнуць поспехаў. Я шчаслівы тым, што сёння маю навуковую школу, што мае вучні абараняюць кандыдацкія і доктарскія дысертацыі. Шчаслівы тым, што адраджаецца Мсціслаўль, што хутка, спадзяюся, адновіцца Быхаўскі замак. Лічу, што ў жыцці я крыху зрабіў, але ведаю, што надалей зрабіць трэба яшчэ больш». Віншуем Ігара Аляксандравіча з юбілеем! Жадаем яму творчай самарэалізацыі, асабістага шчасця.