II Міжнародны конкурс «Зоркі Прыдняпроўя – 2018» аб’яднаў 395 удзельнікаў з 4 краін свету — Беларусі, Украіны, Расіі і Літвы. Пры гэтым трэба адзначыць тое, што геаграфія беларускіх удзельнікаў надзвычай шырокая — амаль усе рэгіёны Магілёўшчыны, Мінск і Міншчына, Віцебшчына, Гомельшчына, Гродзеншчына. Па маштабу, па аўтарытэтнасці журы, па колькасці і, галоўнае, якасці выканаўцаў гэты конкурс ні ў чым не саступае самым прэстыжным міжнародным форумам. І гэта толькі пачатак… Бо ўжо зараз аргкамітэт атрымлівае заяўкі на наступны год ад музыкантаў з краін-суседак. Магчыма, упершыню на магілёўскай сцэне могуць прагучаць інструменты неверагоднай рэдкасці і нават экзатычнасці (напрыклад, знакаміты літоўскі «канклес», гучанне якога беларусы яшчэ не чулі).
Конкурс «Зоркі Прыдняпроўя» — відавочнае дасягненне ўніверсітэта, адна з візітовак Прыдняпроўскага краю. І тут варта назваць чалавека, які сваім талентам, энергіяй, верай у музычную гармонію і прыгажосць стварыў гэты «фестывальны цуд», — Пётр Пятровіч Забелаў. Гэта ён ад пачатку да канца прыводзіў у рух усе бачныя і нябачныя чалавечаму воку спружыны музычнага свята. Канешне, без дапамогі дэкана факультэта, на якім працуе Пётр Пятровіч, Аляксея Валер’евіча Іванова, без калектыву аднадумцаў, рэктарата наўрад ці што ўдалося б зрабіць… Таму кожнаму, хто прымаў удзел у арганізацыі гэтага шыкоўнага мерапрыемства, варта сказаць: «Вялікі дзякуй!».
Што ж да самога конкурсу, то лепей, канешне, было б яго бачыць і чуць… Бо перадаць атмасферу «Зорак Прыдняпроўя», думаецца, было б складана нават лаўрэатцы Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлане Аляксеевіч. Скажам толькі тое, што ўніверсітэт на два выходныя дні — суботу і нядзелю — пераўтварыўся ў самы што ні на ёсць брадвейскі мюзік-хол: з кожнай аўдыторыі, з кожных дзвярэй, з кожнага калідора і нават з кожнай шчыліны лілася музыка ў самых розных варыяцыях і танальнасцях. Баяністы соўваліся каля раскладу гісторыка-філалагічнага факультэта, намагаючыся перайграць адзін аднаго. Балалаечнікі ўкладалі душу і сэрца ў тры струны насупраць выхаваўчага аддзела. Здзіўлялі вакалісты… Гэтыя неверагодныя людзі неяк траплялі ў ноты, не зважаючы ні на баяністаў, ні на балалаечнікаў і нават на сваіх калег-сапернікаў. Першы дзень — гэта быў суцэльны музычны кірмаш: дзеці, бацькі, выкладчыкі, сябры журы… Уяўлялася, што кіраваць усім гэтым натоўпам таленавітых людзей проста нерэальна. Яшчэ раз дзякуем арганізатарам за іх добра выкананую працу.
Другі дзень здаваўся менш мітуслівым: спачатку акадэмічны круглы стол, потым узнагароджанні дыпламантаў і пераможцаў. Нядзеля абяцала быць шэраговай, але абяцанні свае не выканала. І ўсё дзякуючы бліскучаму фінальнаму канцэрту, які запаліў бы, мы перакананыя, нават самую абазнаную ў музыцы аўдыторыю. Што асабліва кранула сэрца? Калі казаць пра аўтара гэтых радкоў, то яму надзвычай спадабаліся гукі бандуры. Дзякую Дар’і Крывашапчанка і перадаю прывітанне ўкраінскаму Харкаву. Адчувалася тое, як эмацыянальна аўдыторыя рэагавала на выступленне Ірыны Івановай. Гэта салістка Пскоўскай філармоніі, і грала яна на «звончатых» (баюся перакладаць на беларускую мову гэта слова) гуслях. Але напэўна самыя яркія ўражанні засталіся ад дуэта «Майстар-клас» з расійскай Волагды. Хлопцы гралі на баянах так, што ўседзець на месцы было проста немагчыма. Дзякуем музыкам за прафесіяналізм і харызму. Такім чынам, гэтакія конкурсы, гэтакая музыка нам патрэбныя. Чакаем III Міжнароднага конкурсу «Зоркі Прыдняпроўя»!