80-гадовы юбілей выдатнага музыканта, педагога, навукоўца Анатоля Аляксеевіча Дабродзькі адзначылі сёння ў МДУ імя А. А. Куляшова. Перад юбілярам выступілі вядомыя не толькі ва ўніверсітэце, але і ў Беларусі вакалісты, інструменталісты. Прыйшлі павіншаваць Анатоля Аляксеевіча і прадстаўнікі адміністрацыі ВНУ, факультэта пачатковай і музычнай адукацыі. У прыватнасці, прарэктар па выхаваўчай рабоце Уладзімір Віктаравіч Ясеў пажадаў юбіляру моцнага здароўя, творчага плёну і доўгіх гадоў жыцця. Дэкан факультэта Аляксей Валер’евіч Іваноў падкрэсліў тое, што менавіта Анатоль Дабродзька стаяў на пачатку музычнай адукацыі ва ўніверсітэце, менавіта дзякуючы яму з’явілася выдатная плеяда цяперашніх выкладчыкаў, студэнтаў. Надзвычай цёпла ў адрас былога калегі выказаўся Пётр Пятровіч Забелаў. «1 снежня на кафедры, амаль ў хатняй абстаноўцы, мы адзначылі юбілей аднаго з нашых ветэранаў — Анатоля Аляксеевіча Дабродзькі, — сказаў ён. — Доўгія гады наш паважаны калега кіраваў кафедрай музыкі і, так бы мовіць, быў нашым своеасаблівым хросным бацькам, прыкладам і ў музыцы, і ў педагогіцы, і ў чалавечых адносінах». Прыйшлі павіншаваць Анатоля Дабродзьку і студэнты. У прыватнасці, праспявала для юбіляра лаўрэатка фестываля ў БРУ Ганна Рыбакова.