Выпускнік факультэта прыродазнаўства МДУ імя А. А. Куляшова 2011 года (зараз — факультэт матэматыкі і прыродазнаўства) Вячаслаў Фёдараў перамог у прэстыжным міжнародным конкурсе «#ЛюблюГеаграфію», паведаміў прафесар кафедры прыродазнаўства ўніверсітэта Ігар Мікалаевіч Шаруха. Конкурс, які быў арганізаваны Пастаянным Камітэтам Саюзнай дзяржавы, пры падтрымцы міністэрстваў адукацыі Беларусі і Расіі, Беларускага і Расійскага геаграфічных таварыстваў, ішоў без малога паўгода — з 10 чэрвеня па 1 лістапада.
Усяго ў аргкамітэт паступіла 88 заявак — прэзентацый урокаў геаграфіі. Да фіналу дайшлі толькі 10 канкурсантаў: па 5 з Расіі і Беларусі. А вось выйграў конкурс Вячаслаў Фёдараў, цяперашні настаўнік Свенскай сярэдняй школы Слаўгарадскага раёну. «На ўроках заўсёды павінен быць гумар, — адзначае пераможца. — Але галоўнае — дзяцей трэба любіць, гэта я кажу як бацька дваіх дзяцей. Акрамя школы, яшчэ працую ў дзіцячым садку, так што ў мяне з малымі пастаянны кантакт. Што заахвоціла стаць настаўнікам? Прыгажосць зямлі і прыроджаная схільнасць да прафесіі».
Фотаздымкі: афіцыйны сайт
Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы