Фотарэпартаж. Кожны маленькі швед пачынае жыццё з апавяданняў пра Карлсана. І толькі потым, дасягнуўшы сталага веку, адкрывае для сябе цудоўны свет Тумаса Транстромера. Імя гэтага шведскага аўтара амаль невядомае беларусам. А між іншым, ён — лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры, цудоўны музыка і паэт, творы якога перакладзеныя амаль на ўсе мовы свету. Усе, апроч беларускай... Так можна было б сказаць яшчэ два гады назад. Аднак сёння, дзякуючы руплівай працы калектыву перакладчыкаў (Андрэй Хадановіч, Алеся Башарымава, Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі) і падтрымцы з боку шведскай амбасады, з’явілася першая ластаўка — кніга паэзіі Транстромера ў перакладзе на беларускую мову. Зрэшты, менавіта яе — кнігу «Пад вольным небам» — і прэзентавалі ў МДУ імя А. А. Куляшова.
«Транстромер — гэта філасофія жыцця, інтэлектуальная вяршыня, да якой трэба дайсці, несучы за плячамі пэўны жыццёвы досвед», — гэтак ахарактарызаваў творчасць свайго сябра вядомы шведскі рэжысёр Лейф Ульсан. Па яго словах, паэзія Нобелеўскага лаўрэата — гэта крутыя пераходы ад рэальнасці да мрояў. Аднак менавіта гэтыя пераходы і дазваляюць убачыць рэчаіснасць з нечаканай кропкі погляду. Лейф Ульсан чытаў Транстромера на мове арыгіналу, а Алеся Башарымава, разам з Хадановічам чыталі пераклады. Шведская мова адлюстроўвае паўночны характар — яна рэзкая і гучная. Транстромер ва ўніверсітэцкай аўдыторыі гучаў так, як, напэўна, гучалі некалі старажытныя сагі. Беларуская ж мова — мілагучная і пяшчотная.
Тым не менш, перакладчыкам удалося данесці да чытача паўночны каларыт, філасофію спасціжэння свету ў яго розных праявах. Спікерам прэзентацыі быў таленавіты беларускі паэт Усевалад Сцебурака. Ён не толькі разварушыў студэнтаў і выкладчыкаў, але і здолеў пераўтварыць мерапрыемства ў сапраўдны перформанс. Дапамагаў Усеваладу чалавек-аркестр Сяргей Доўгушаў. Яшчэ доўга студэнта будуць паўтараць мелодыю і словы з праспяванай Сяргеем «Талакі». «Транстромер — гэта найлепшы спосаб наблізіць Швецыю да Беларусі, — адзначае памочнік Пасла амбасады Каралеўства Швецыя ў Беларусі спадарыня Алеся Літвіноўская. — Гэта аўтар, які будзе аднолькава цікавы і маладзёнам, і людзям, якія ўжо шмат паспелі пабачыць. Маладых зацікавяць нязвыклыя формы. Тут няма ямбаў і харэяў. Ёсць змет, філасофія. А яна ўжо будзе цікавая людзям з пэўным вопытам, светапоглядам».