Глядзець рэпартаж Міхаіла Ганіна. 17 лістапада адміністрацыя МДУ імя А.А. Куляшова даверыла кіраўніцтва амаль усімі ключавымі напрамкамі дзейнасці ўстановы адукацыі маладым, перспектыўным магістрантам і студэнтам. Абавязкі рэктара, напрыклад, выконвала студэнтка факультэта матэматыкі і прыродазнаўства Таццяна Несцяровіч. “Дужа хвалявалася, — прызнаецца яна. — Нязвыклая роля і шмат абавязкаў… Нават не ўяўляю сабе, як штодня магчыма спраўляцца з такой неверагоднай колькасцю інфармацыі. Асабіста для мяне Дзень самакіравання не быў марным. Я ўбачыла тое, як працуюць усе службы і падраздзяленні, паглядзела на жыццё ўніверсітэта, так бы мовіць, знутры. Разам з дублёрамі прарэктараў і дэканаў удалося выпрацаваць некалькі, як уяўляецца, слушных прапаноў па арганізацыі прафарыентацыйнай, выхаваўчай і навуковай дзейнасці”.
Распавядае дублёр першага прарэктара ўніверсітэта, студэнтка факультэта замежных моў Кацярына Шэпелева: “Мы надзвычай грунтоўна абмеркавалі рэйтынгавую сістэму ацэньвання вынікаў працы выкладчыкаў і студэнтаў. Нам падаецца слушным тое, што рэйтынгавая сістэма заахвоціць выкладчыкаў, іх лекцыі будуць больш цікавыя і змястоўныя. Зрэшты, гэта паўплывае на якасць адукацыі і, магчыма, падштурхне некаторых студэнтаў да навуковай дзейнасці”. Праўда, нявырашанай засталася галоўная праблема. “На што звяртаць большую ўвагу — на навуковую дзейнасць, выхаваўчую, а, магчыма, на вынікі экзаменацыйных іспытаў сярод студэнцкай моладзі? — задаецца пытаннем дублёр прарэктара па вучэбнай рабоце Марыя Каленціёнава. — Мне здаецца, што ўсе гэтыя чыннікі так або інакш трэба ўлічваць”.
Па словах дублёра прарэктара па выхаваўчай рабоце Настассі Сілінай, яе працоўны дзень атрымаўся надзвычай прадуктыўным. “Мы разам з дублёрамі дэканаў абмеркавалі тыя пытанні, якія звязаныя непасрэдна са студэнцкімі інтэрнатамі. Здаецца, размова была канструктыўнай, а яе вынікі могуць будуць цікавыя адміністрацыі ўніверсітэта”, — заўважыла яна.
Падчас афіцыйнага падвядзення вынікаў Дня самакіравання рэктар універсітэта Дзяніс Уладзіміравіч Дук падкрэсліў: “Мне б вельмі хацелася, каб штогод 17 лістапада студэнты бралі лейкі кіравання ўніверсітэтам у свае рукі. Сёння дублёры адміністрацыі ВНУ папрацавалі надзвычай плённа — з’явілася шмат слушных прапаноў, якія мы абавязкова разгледзім”. Таксама рэктар паабяцаў распавесці студэнтам пра тое, якія з іх прапаноў будуць узятыя на ўзбраенне. “Сёння я ўбачыў, што ў МДУ імя А.А. Куляшова існуе калектыў аднадумцаў. Пераканаўся ў тым, што студэнтам баліць за лёс універсітэта, што маладое пакаленне неабыякавае і да ўзроўню адукацыі, і да навукі, і да выхаваўчай дзейнасці. І гэта дае падставы глядзець у будучыню з аптымізмам і з вялікай надзеяй”, — заключыў Дзяніс Уладзіміравіч.