У выдавецтве МДУ імя А. А. Куляшова выйшла ў свет манаграфія «Археалагічнае вывучэнне курганнага могільніка Усход» доктара гістарычных навук, прафесара Ігара Аляксандравіча Марзалюка. Навуковая работа прысвечана вывучэнню курганнага могільніка, помніка археалогіі канца Х–ХІІ ст.
На сённяшні дзень гэта найлепш даследаваны курганны могільнік у Магілёўскім Падняпроўі. «Помнік налічвае дзве курганныя групы, якія ў старажытнасці хутчэй за ўсё складалі адзін вялікі некропаль. Курганы размешчаны ў лясным масіве побач з пасёлкам Усход, непадалёку ад вёскі Вільчыцы Магілёўскага раёна», — адзначае аўтар манаграфіі ва ўводзінах да выдання. У ходзе археалагічных раскопак вывучана 49 курганных насыпаў, здзейсненых па абрадзе інгумацыі. Уплыў хрысціянскіх эсхаталагічных ідэй адбіўся на пахавальнай абраднасці насельніцтва – поўная адмова ад звычаю крэмацыі, выкарыстанне трун-дамавін, з’яўленне ўжо на першай фазе існавання могільніка пахаванняў у падкурганных ямах, выкарыстанне крыжыкаў і крыжападобных падвесак.
Матэрыялы, апублікаваныя ў манаграфіі, у шырокі навуковы ўжытак уводзяцца ў поўным аб’ёме ўпершыню. Ва ўступе да манаграфіі І. А. Марзалюк выказаў шчырую ўдзячнасць тым, хто дапамагаў і спрыяў з’яўленню выдання, — родным, студэнтам, супрацоўнікам, вучням, калегам.
Марзалюк, І. А. Археалагічнае вывучэнне курганнага могільніка Усход : манаграфія / І. А. Марзалюк. — Магілёў : МДУ імя А. А. Куляшова, 2017. — 208 с.